Валютная выручка Беларусі з пачатку года скарацілася амаль на 3,5 млрд даляраў



Валютная выручка Беларусі ў студзені—траўні знізілася на 3.483,3 млн даляраў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць статзвесткі Нацбанка.

У траўні валютная выручка склала 2.487,4 млн даляраў і зменшылася ў параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года на 929,1 млн долараў, або на 27,2%.

У тым ліку выручка ад экспарту тавараў у траўні скарацілася на 30,6% у параўнанні з траўнем мінулага года, да 1.786,1 млн даляраў, выручка ад экспарту паслуг — на 18,2% да 623,9 млн даляраў.

У цэлым за студзень—травень валютная выручка зменшылася на 20,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, да 13.431,7 млн даляраў.

У тым ліку выручка ад экспарту тавараў скарацілася на 25,4% да 9.558,4 млн даляраў, выручка ад экспарту паслуг — на 5,5% да 3.507,9 млн даляраў.

На думку экспертаў, значнае скарачэнне валютнай выручкі сёлета абумоўленае ўплывам некалькіх фактараў: змяншэннем паставак расейскай нафты ў Беларусь; скарачэннем знешняга попыту на беларускія тавары і паслугі з-за пандэміі; зніжэннем кошту ў свеце сыравінных тавараў (нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў), якія экспартуе Беларусь.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназуюць, што з-за змяншэння знешняга попыту на беларускія тавары і паслугі эканоміка краіны ў 2020 годзе прыкметна скароціцца.

Так, Сусветны банк прагназуе зніжэнне ВУП Беларусі сёлета на 4%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — на 5%, Міжнародны валютны фонд — на 6%. Між тым Міністэрства эканомікі разлічвае не дапусціць зніжэння ВУП у 2020 годзе і чакае аднаўлення эканомікі ў другім паўгоддзі.

belapan.by