Валютная выручка Беларусі знізілася на 13,2%



Валютныя паступленні Беларусі ў студзені—кастрычніку 2016 года склалі 24 млрд долараў і знізіліся на 13,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, або на 3,6 млрд долараў, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

Скарачэнне валютных паступленняў Беларусі ў бягучым годзе звязанае шмат у чым з памяншэннем экспартнай выручкі краіны.

Па звестках Нацбанка, паступленні ад экспарту тавараў у студзені—кастрычніку 2016 года склалі 18,75 млрд долараў і знізіліся на 14,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, або больш чым на 3 млрд долараў.

Паступленні ад экспарту паслуг у студзені—кастрычніку склалі 4,7 млрд долараў і скараціліся на 6,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Як сведчаць даныя аб знешнім гандлі, асноўны адмоўны ўплыў на дынаміку валютнай выручкі Беларусі аказала зніжэнне (у грашовым выражэнні) экспарту беларускіх нафтапрадуктаў, нафты і калійных угнаенняў, якія рэалізуюцца ў краінах Азіі і Заходняй Еўропы.

У выніку валютная выручка Беларусі ў студзені—кастрычніку, якая паступіла з краін па-за СНД, склала 13 млрд долараў і скарацілася на 20,5%, або больш чым на 3,3 млрд долараў.

Экспарт тавараў і паслуг, і як вынік валютная выручка Беларусі, зніжаюцца ўжо чацвёрты год запар. Так, у 2013-м у параўнанні з 2012-м беларускі экспарт зменшыўся на 15,1%, у 2014-м — на 1,7%, у 2015-м — на 24,2%, у студзені—кастрычніку 2016-га — на 11,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

На думку беларускіх эканамістаў, зніжэнне экспарту і валютнай выручкі Беларусі абумоўленае галоўным чынам дзвюма прычынамі. Першая — зніжэнне цэн на сусветным рынку на экспартаваныя Беларуссю нафтапрадукты і скарачэнне попыту на калійныя ўгнаенні, якія таксама прадае краіна на знешніх рынках.

„Іншая прычына скарачэння валютнай выручкі мае больш глыбінныя карані і звязаная з падзеннем канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў”, — адзначыла ў каментары БелаПАН вядучы даследчык Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

У лістападзе 2016 года па рашэнні ўрада быў створаны праектны офіс па развіцці экспарту. Паводле распараджэння ўрада, праектнаму офісу „даручана выпрацоўваць прапановы па павелічэнні ўзаемнага тавараабароту Беларусі і Расіі, а таксама стымуляванні экспарту ў трэція краіны”.

БелаПАН