Валютныя ўклады насельніцтва ў красавіку абнавілі мінімум



Паводле інфармацыі БелаПАН, за першыя дзве дэкады красавіка тэрміновыя валютныя ўклады фізічных асоб (з улікам налічаных працэнтаў) знізіліся на 45,4 млн долараў.

Трэнд зніжэння валютных зберажэнняў насельніцтва ў банкаўскай сістэме назіраецца ўжо паўтара года.

Паўтара года таму, у лістападзе 2015-га, аб’ём валютных укладаў у банкаўскай сістэме складаў 7,84 млрд долараў. Да 20 красавіка гэтага года аб’ём валютных дэпазітаў, паводле даных камерцыйных банкаў, скараціўся да 6,85 млрд долараў. Такім чынам, за 18 месяцаў памер валютных зберажэнняў насельніцтва ў банках знізіўся амаль на 1 млрд долараў.

Пры гэтым варта зазначыць, што ў красавіку ўзровень валютных дэпазітаў насельніцтва апусціўся да мінімальнага значэння з канца 2013 года.

Нацыянальны банк тлумачыў пастаяннае скарачэнне валютных укладаў фізічных асоб спажывецкімі паводзінамі насельніцтва, якое ва ўмовах зніжэння рэальных даходаў падтрымлівала жаданы лад жыцця за кошт назапашаных зберажэнняў. Аналагічнага меркавання прытрымліваюцца незалежныя эксперты.

„Частка насельніцтва верыла, што крызіс носіць часовы, кан’юнктурны характар, і спрабавала перажыць складаныя часы за кошт праядання зберажэнняў. Сёння відавочна, што даходы насельніцтва хутка расці не будуць, і тыя, хто спадзяваўся на часовыя цяжкасці, памыліліся”, — адзначыў у каментары БелаПАН кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук.

На яго думку, да канца года рост валютных дэпазітаў не адновіцца. „Насельніцтва пакуль жыве ад зарплаты да зарплаты і пра зберажэнні не думае, так што тэндэнцыя, якая назіраюцца на дэпазітным рынку апошнія паўтара года, будзе працягвацца”, — лічыць Яраслаў Раманчук.

Аналітыкі фінансавага рынку таксама мяркуюць, што цікавасць насельніцтва да валютных укладаў будзе заставацца нізкай. „Попыт на валютныя дэпазіты ў нас традыцыйна павышаецца на фоне высокіх дэвальвацыйных чаканняў, а сёння пакуль не відаць перадумоў для нейкіх скачкоў на валютным рынку, таму цікавасць да валютных укладаў будзе невысокай”, — зазначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН старшы аналітык форэкс-брокера Forex Club Валерый Палхоўскі.

Акрамя гэтага, лічаць аналітыкі, паступовае зніжэнне валютных укладаў абумоўленае ў тым ліку тым, што даходнасць па іх апусцілася да нізкіх значэнняў і складае сёння 2—3% гадавых.

„Банкі ў 2016 годзе павялічылі аб’ём дрэнных крэдытаў, іх актывы не растуць, акупных праектаў, якія можна фінансаваць, няшмат. Таму банкам няма сэнсу павышаць працэнтныя стаўкі па валютных укладах — прыцягнутыя грошы асабліва няма дзе размясціць у эканоміцы. Тым больш што закрэдытаванасць многіх прадпрыемстваў, якія бралі валютныя крэдыты, застаецца высокай”, — падкрэсліў у каментары БелаПАН Яраслаў Раманчук.

belapan.by