Васіль Шлындзікаў: Чалавек апынуўся не ў той час і не ў тым месцы



Былога гендырэктара „Барысаўдрэва” Уладзіміра Мальцава асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі. Экс-кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў адзначае, што Мальцаў “стаў ахвярай сістэмы”.

Згодна з рашэннем суда, Уладзімір Мальцаў прызнаны вінаватым у здзяйсненні дзеянняў, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, а таксама якія пацягнулі цяжкія наступствы. На падставе часткі 3 арт.424 КК Беларусі (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) яму вырашана прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з ажыццяўленнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на пяць гадоў. Праўда, рашэнне суда яшчэ можна абскардзіць.

Дарэчы, першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, які асабіста курыраваў мадэрнізацыю прадпрыемства, на суд так і не з’явіўся, хаця напачатку чакалася, што яго дапытаюць хаця б у якасці сведкі.

Васіль Шлындзікаў: Нават тры гады зняволення – гэта вельмі шмат, бо чалавек, па сутнасці, ніякай крамолы не зрабіў. Згрэблі падас абвінавачвання ўсё ў адну кучу, а канкрэтных фактаў злоўжывання Мальцавым я так і не пачуў. Ён з усіх бакоў ахвяра. У першую чаргу – ахвяра той сістэмы, якая склалася. Уся віна Мальцава заключалася ў тым, што ён вельмі старанна хацеў правесці мадэрнізацыю. Слухаў, адкрыўшы рот, вялікіх начальнікаў, а ў выніку аказаўся без віны вінаватым.

РР: Навошта тады невінаватага адпраўляюць за краты?

Васіль Шлындзікаў: Як мне падаецца, каб запалохаць астатніх кіраўнікоў прадпрыемстваў. Маўляў, глядзіце – тое ж будзе і з вамі, калі праваліце мадэрнізацыю. А Мальцаў, паўтаруся, проста аказаўся не ў той час і не ў тым месцы.

РР: Першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, які асабіста курыраваў мадэрнізацыю прадпрыемства, на суд так і не з’явіўся. Маглі высокія чыноўнікі прыйсці на працэс і сказаць словы ў абарону экс-дырэктара?

Васіль Шлындзікаў: Не толькі маглі, але і павінны былі гэта зрабіць. Але, мабыць, не хапіла ў іх ні часу, ні духу. Было ўказанне пасадзіць гэтага хлопца – яго і пасадзілі. І ў гэтым плане я здымаю капялюш перад былым старшынёй Мінскага аблвыканкама Барысам Батурай. Той не пабаяўся выступіць на судзе, і гэта сапраўды мужчынскі ўчынак.

РР: Магчыма, гэты паказальны працэс насамрэч дасць штуршок для больш актыўнай мадэрнізацыі?

Васіль Шлындзікаў: Не будзе аніякага эфекту, гэдак жа як і ад дэкрэта, які забараняе звальняцца з прадпрыемстваў. Такімі метадамі поспехаў не дасягаюць. Іх дасягаюць, калі ёсць агульныя намаганні, давер да людзей і падтрымка ініцыятывы.

РР: Сёння дырэктар прадпрыемства – несамастойная фігура?

Васіль Шлындзікаў: Абсалютна несамастойная! І я проста не разумею людзей, якія загаджаюцца з прызначэннем на гэтую пасаду. Многія шчыра вераць, што яны могуць зрабіць нешта са сваімі ініцыятывамі, але, калі сутыкаюцца з сістэмай, то аказваюцца там, дзе зараз Мальцаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларусакае Радыё Рацыя