Відмантас Янулявічус: Беларусь могуць адключыць ад сістэмы SWIFT на пачатку верасня



Прэзідэнт Літоўскай прамысловай канфедэрацыі Відмантас Янулявічус заявіў, што толькі пытанне часу, калі Беларусь будзе адключаная ад сістэм банкаўскіх разлікаў — тады любы гандаль з гэтай краінай стане немагчымым. Паводле яго звестак, гэта плануецца на пачатак верасня.

Пасля ўвядзення санкцый Еўразвяза прадпрыемствам энергетыкі, прамысловасці, вытворчасці ўгнаенняў, наступным крокам, на думку прэзідэнта ЛПК, будзе ўся банкаўская сістэма. «І тады будзе ўсё роўна, што і як, калі не зможаш разлічыцца», — дадаў ён.

Міжнародная банкаўская сістэма SWIFT дае магчымасць фінансавым установам разлічвацца з рознымі краінамі. Без яе немагчымы міжнародны гандаль.

Аднак фінансавы аналітык Марус Дубніковас мяркуе, што такі сцэнар малаверагодны.

«Я лічу, што малаверагодна, што будзе адключаная сістэма SWIFT. Калі б адключылі, яна (Беларусь) не магла б пераводзіць замежную валюту. (…) Сістэма SWIFT захоўвае сваю надзейнасць і нават у выпадку канфлікту з Расеяй гэтае адключэнне не было рэалізавана», — адзначыў Дубніковас.

Санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўвялі ЕЗ, ЗША, Вялікабрытанія і Канада.

delfi.lv