Віктар Цярэшчанка: Можна пераламіць сітуацыю



Эканаміст і былы кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка распавядае пра тое, як можна вывесці беларускую эканоміку з крызіса.

Віктар Цярэшчанка: Выхад з фінансавага даўгавога крызіса шмат дзе ў свеце ўжо знойдзены, і “крэдытная эра” заканчваецца. У краінах, якія маюць высокія паказчыкі канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў, ужо даўно дамінуе прынцыпова іншая схема фінасавання буйных вытворчасцей, якая абапіраецца на стварэнне акцыянерных таварыстваў, што прыцягваюць сродкі насельніцтва і банкаў у абмен на акцыі. А ў Беларусі эканамічная сістэма пабудавана такім чынам, што даўгі толькі растуць.

РР:  Ці можна пераламіць сітуацыю?

Віктар Цярэшчанка: Безумоўна, але дзеля гэтага трэба зрабіць шэраг крокаў. Напрыклад, неабходна Нацбанк падпарадкаваць ураду і ўскласці на іх абодвух адказнасць за забеспячэнне стабільнасці нацыянальнай валюты. Варта было б пераўтварыць Нацбанк і камерцыйныя банкі з крэдытораў у сучасных рацыянальных інвестараў. Трэба прадастаўляць лепшыя бізнес-праекты не замежным інвестарам, а Нацыянальнаму банку для інвеставання нацыянальнай валютай, ажыццявіць рэструктурызацыю крэдытных даўгоў прадпрыемстваў у пакеты іх акцый, аптымізаваць падаткі па крытэры стварэння ўмоў максімальнай канкурэнтаздольнасці нашых прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў, стварыць умовы высокіх матывацый для насельніцтва.

РР: Планы добрыя…

Віктар Цярэшчанка: Я ўпэўнены, калі ўлады пойдуць на такія крокі, то краіна атрымае стабільную эканоміку. Спыніцца рост цэнаў, знікне патрэба ў падвышэнні пенсійнага ўзросту. Можна таксама аднавіць сацыяльныя і іншыя ільготы, якія ў Беларусі скасавалі дзеля папаўнення бюджэта. Праблема застаецца ў адным – улады не вельмі хочуць ісці на рэфармаванне эканомікі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]