Віктар Цярэшчанка: За 2017-ы год цэны вырастуць на 7-8%



Эканаміст Віктар Цярэшчанка патлумачыў, чаму Беларусь – у лідарах па росту цэнаў.

Як сведчыць статыстыка, Беларусь заняла трэцяе месца сярод краін былога Саюза (на першым – Азербайджан, на другім – Украіна) па росце спажывецкіх цэнаў у 2016 годзе, якія за год выраслі на 10,6 %.

Віктар Цярэшчанка: Чаму ў краіне растуць цэны такімі тэмпамі? Па-першае, на гэта паўплывала адсутнасць неабходнай грашова-крэдытнай палітыкі. Па-другое, няма ў многіх вытворцаў матывацыі. Таксама мы назіраем адсутнасць добрых знешніх інвестыцый і развіццё ў сферы матэрыяльнай вытворчасці. Акрамя таго, беларускае падаткаабкладанне ўплывае на рост цэн, бо ў Беларусі шмат у чым захоўваецца старая сістэма, якую ўдасканальваць не вельмі хочуць. Вось усё гэта разам і прыводзіць да таго, што беларусы ў магазінах штодзень бачаць усё больш сумную карціну.

РР: Якія прадпасылкі для роста цэнаў у гэтым годзе?

Віктар Цярэшчанка: Тут найперш трэба сказаць, што зараз мы назіраем рэальнае падзенне даходаў насельніцтва прыкладна да 8-9 адсоткаў. Прыкладна тое самае, што было і ў мінулым годзе. Іншая справа, што належных высноў улады не робяць. Але з-за падзення рэальных даходаў людзі будуць менш купляць прадукты альбо нейкія іншыя тавары для сябе. А гэта ў сваю чаргу будзе станоўча аказваць уплыў на тое, каб цэны не раслі вялікімі тэмпамі. Натуральна, што тыя, хто хоча прадаць свае тавары ці паслугі, будуць адштурхоўвацца ад пакупальніцкай здольнасці насельніцтва, і цэны, як мне падаецца, будуць трымаць на мінімальным узроўні. Мяркую, у 2017 годзе цэны вырастуць на 7-8 адсоткаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя