Віцэ-прэм’ер Субоцін: У АПК Беларусі 179 стратных прадпрыемстваў



У аграпрамысловым комплексе Беларусі на сёння 179 стратных прадпрыемстваў, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін 5 ліпеня ў праграме „Галоўны эфір” на тэлеканале „Беларусь 1”.

„Скарачаецца колькасць стратных прадпрыемстваў АПК, але ўсё роўна іх дастатковая колькасць, іх 179 ва ўсёй краіне. Адна з задач, якія я бачу, — іх зусім прыбраць са статыстыкі”, — сказаў Субоцін.

На яго думку, „адзінага рэцэпту тут няма: недзе трэба далучаць да прадпрыемстваў, узбуйняць, хтосьці выцягне гэтае прадпрыемства адсталае, альбо каму патрэбная дадатковая сыравінная зона”. „Камусьці — запускаць працэс санацыі, камусьці — наадварот, прыцягваць інвестара, камусьці — перакваліфікавацца: не вырошчваць збожжа там, дзе нельга, перакваліфікавацца ў жывёлагадоўлю мясную, дзе лугі, пашы і гэтак далей. Адзінага падыходу няма, кожнае прадпрыемства павінна быць ацэненае, і распрацаваны індывідуальны падыход”, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Паводле яго слоў, „АПК сёлета добра ідзе”. „Атрымалася і па ўмовах надвор’я, і пасеялі своечасова, і ўнеслі ўгнаенняў больш, чым за мінулыя гады. Чакаем, што ўраджай будзе дастаткова салідны: не толькі сябе накормім, але і яшчэ камусьці дапаможам. Адзін з асноўных драйвераў — гэта малочная галіна”, — дадаў Субоцін.

Акрамя таго, адзначыў ён, сёлета павялічыліся пасадкі бульбы, „каб зняць дэфіцыт грэчкі на рынку, пасеялі ў два разы больш грэчкі — 24 тысячы гектараў”. „Так што мы сябе сапраўды накормім, і яшчэ запас застанецца”, — сказаў віцэ-прэм’ер. Беларусам, сцвярджае ён, не варта чакаць восенню дэфіцыту харчоў і росту коштаў.

belapan.by