Віцэ-прэм’ер Сямашка: Хацелі б самастойна здабываць нафту ў Расеі



У Беларусі існуе цікавасць да рэалізацыі праектаў у Расеі, паведаміў віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка ў размове з журналістамі 15 верасня ў рамках Міжнароднага кангрэса прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.

Адказваючы на пытанне БелаПАН аб рэалізацыі магчымых інтэграцыйных праектаў у прамысловай сферы, віцэ-прэм’ер адзначыў, што Беларусь праяўляе цікавасць да здабычы нафты на тэрыторыі Расеі. „У нас ёсць цікавасць да Расеі, мы, напрыклад, у асобе „Беларуснафты” хочам прыйсці туды на канкрэтныя радовішчы, здабываць нафту самі, мець потым доступ да адзінай транспартнай сістэмы. Мы так будзем прапаноўваць Расеі”, — сказаў Сямашка.

Ён таксама паведаміў, што ў рамках рэалізацыі інтэграцыйных праектаў з Расеяй магчыма прыцягненне інвестыцый у „Гродна Азот”. „Гэта адзін з магчымых праектаў. „Гродна Азот” — знакавае, значнае прадпрыемства, яны нядаўна скончылі мадэрнізацыю асноўных фондаў, 450 млн долараў уклалі. Нягледзячы на больш высокую цану газу, чым для аналагічных прадпрыемстваў у Расеі, „Гродна Азот” канкурэнтаздольны за кошт рэалізаванай мадэрнізацыі”, — сказаў Сямашка.

Разам з тым ён дадаў: „Мы разумеем, што трэба далей рухацца, і сучасныя тэхналогіі дазваляюць знізіць выдаткі энергіі для вытворчасці азотных угнаенняў”.

Віцэ-прэм’ер растлумачыў, што асноўныя энергазатраты „Гродна Азота” звязаныя са спажываннем прыроднага газу і з мэтай іх памяншэння Беларусь хоча рэалізаваць новы буйны праект на 1,4 млрд долараў.

„Мы хочам побач з дзейнай вытворчасцю „Гродна Азота” стварыць новую вытворчасць і прапаноўваем Расеі, і раней прапаноўвалі, уключыцца ў гэты праект. Калі ласка, прыходзьце, мы гатовыя прапанаваць блокпакет акцый „Гродна Азота”, але пры пэўных умовах”, — сказаў Сямашка.

У прыватнасці, ад інвестара патрабуецца прыняць удзел у будаўніцтве новага завода на базе „Гродна Азота” і прапанаваць газ для гэтай вытворчасці па ўнутрыкарпаратыўных расійскіх цэнах.

„Вось дзве базавыя ўмовы. Калі такія партнёры знойдуцца для „Гродна Азота”, мы гатовыя з імі ўдзельнічаць у гэтым праекце. На гэты момант жадаючыя ўдзельнічаць у гэтым праекце існуюць, але пакуль у перамовах з імі мы не прыйшлі да агульнай думкі”, — падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Нагадаем, у красавіку 2017 года ўрады Беларусі і Расеі дамовіліся падрыхтаваць пералік інтэграцыйных праектаў у прамысловай сферы, якія маглі б рэалізоўвацца сумесна. Мяркуецца, што кожная з краін прапануе па тры праекты.

belapan.by