Вырашана паскорыць тэмпы развіцця „Вялікага каменя”



Тэмпы развіцця кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Вялікі камень” у 2018—2020 гадах стануць больш інтэнсіўнымі, чым планавалася пры яго стварэнні. Такое рашэнне было прынятае 22 сакавіка на савеце дырэктараў СЗАТ „Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку” ў кітайскім горадзе Чэнду, правінцыя Сычуань.

Новы тэмп развіцця парку павінен захаваць і прымножыць вынікі 2017 года, які стаў прарыўным у сферы прыцягнення інвестыцый, паведамляе адміністрацыя „Вялікага каменя”.

Акрамя таго, вызначаныя задачы на кароткатэрміновую перспектыву. Гэта забеспячэнне інжынернай і транспартнай інфраструктурай першага этапу развіцця парку (8,5 кв км), укараненне інавацыйных інструментаў прыцягнення інвестыцый, у тым ліку за кошт развіцця субпаркаў, а таксама стварэнне эфектыўнай сістэмы па абслугоўванні інвестараў.

Рэзідэнтамі кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Вялікі камень” сёння з’яўляюцца 28 кампаній з сямі краін з агульным аб’ёмам інвестыцый больш за 1 млрд долараў.

Даведка БелаПАН. Кітайска-беларускае сумеснае закрытае акцыянернае таварыства „Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку” заснаванае 27 жніўня 2012 года з удзелам кітайскай нацыянальнай машынабудаўнічай карпарацыі „Сінамач”, Менскага аблвыканкама, „Чайна Мерчантс груп”, ААТ „Кітайская карпарацыя інжынірынгу CAMC”, Харбінскай інвестыцыйнай групы, Мінгарвыканкама і дзяржаўнага холдынга „Гарызонт”.

Парк уяўляе сабой тэрыторыю плошчай 91,5 кв. км з асаблівым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу і будуецца на адлегласці 25 км ад Менска. Прыярытэтныя напрамкі развіцця: электроніка, біямедыцына, тонкая хімія, машынабудаванне і новыя матэрыялы. Запланаваныя рынкі — краіны СНД і Еўрасаюза.

Стварэнне інфраструктуры на тэрыторыі першачарговага этапу асваення парку, куды ужо інвеставана амаль 100 млн долараў ЗША, практычна завершанае. У стадыі завяршэння будаўніцтва знаходзяцца аб’екты лагістычнага субпарка ЗАТ „Чайна Мерчантс СиЭйчЭн-БиЭлАр камерцыйная і лагістычная кампанія”, вытворчасці суперкандэнсатараў ТАА „Чэнду Сіньджу Шаўковы шлях развіцця”.

belapan.by

[manual_related_posts]