Выстава-кірмаш “Ваш дом-2014” у Берасці



Берасце запрашае на 7-ю Міжнародную спецыялізаваную выставу-кірмаш “Ваш дом-2014”, якая пройдзе ў горадзе над Бугам з 23 па 25 кастрычніка ў манежы Лядовага палацу. На ёй прадставяць новыя тэхналогіі ў будаўніцтве і праектаванні.

Удзельнікі выставы-кірмашу, а гэта айчынныя ды замежныя будаўнікі, абмяркуюць перспектывы развіцця інвестыцыйных праектаў у будаўніцтве. Раскажуць пра сучасныя магчымасці канструявання.

У апошнія гады будаўнікі актыўна прасоўваюць свае ідэі праз Інтэрнэт. Гэта станоўчы момант, але рэклама па-ранейшаму застаецца асновай поспеху інвестыцыйнага праекту, адзначыў стваральнік пінскага будаўнічага бізнес-парталу Антон Смірноў:

– Усё залежыць ад задач, аб’ёмаў фінансавання, ад складанасці раскруткі. Не так важна, дзе знаходзіцца ваш праект – у якім горадзе, якой краіне. Страты бываюць ад рэалізацыі інвестыцыйных будаўнічых праектаў у першую чаргу тады, калі яго ўладальнікі не надаюць патрэбнай увагі рэкламе праекту або, калі яе ідэалогія ад пачатку была няправільнай і неэфектыўнай.

Па падліках арганізатараў, штогод у выставе-кірмашы бярэ ўдзел каля 5 тысяч прадстаўнікоў будаўнічага рынку. Мерапрыемства завершыць Тыдзень архітэктуры і будаўніцтва ў горадзе над Бугам.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя