Выяўленыя першыя падробкі новых беларускіх грошай



У трэцім квартале 2016 года былі выяўленыя першыя падробкі беларускіх грошай узору 2009 года, уведзеных у абарачэнне 1 ліпеня ў сувязі з дэнамінацыяй, паведаміў Нацыянальны банк у лісце, накіраваным у камерцыйныя банкі.

„Па выніках трох кварталаў бягучага года ў банкаўскай сістэме было выяўлена дзевяць падробленых банкнот беларускіх рублёў. Дзве з іх — падробленыя банкноты наміналам 5 беларускіх рублёў узору 2009 года. Усе выяўленыя падробленыя беларускія рублі былі вырабленыя без імітацыі элементаў абароны”, — гаворыцца ў лісце.

Паводле даных Нацбанка, у студзені—верасні банкаўскімі работнікамі было выяўлена 856 падробленых грашовых знакаў, з якіх 850 — банкноты, 6 — манеты. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года агульная колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў павялічылася на 9,6%.

„Асноўная колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў традыцыйна склалі долары ЗША — 53%. Больш за трэць усіх падробленых грашовых знакаў склалі расейскія рублі — 34,1%. Падробленыя еўра занялі долю ў 11,4%. Падробленыя беларускія рублі выяўляліся рэдка — іх доля склала 1,1%”, — паведамляецца ў лісце Нацбанка.

Паводле звестак рэгулятара, было таксама выяўлена па адной падробленай банкноце ўкраінскай грыўны, фунта стэрлінгаў і кітайскага юаня.

„Па выніках дзевяці месяцаў 2016 года прырост колькасці выяўленых падробленых долараў ЗША да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 12,9%, падробленых расейскіх рублёў — 24,8%. Колькасць выяўленых падробленых еўра і беларускіх рублёў скарацілася на 21,6 і 35,7% адпаведна”, — гаворыцца ў лісце.

Як адзначае Нацбанк, ацэнка выкарыстаных спосабаў аднаўлення малюнкаў на падробленых банкнотах сведчыць, што 80,8% падробленых долараў ЗША і 77,2% падробленых еўра вырабленыя з выкарыстаннем паліграфічных тэхналогій. Для прайгравання малюнкаў астатніх падробленых долараў ЗША і еўра, а таксама падробленых беларускіх і расейскіх рублёў былі выкарыстаныя тэхналогіі рэпраграфіі — прынтарныя прылады (струменны друк і электрафатаграфія).

belapan.by