Ядзернае паліва для БелАЭС паступіць у канцы 2018 года



Ядзернае паліва для першага энергаблока Беларускай АЭС прыбудзе з Расеі ў канцы 2018 года, паведаміў на прэс-канферэнцыі 20 студзеня намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Беларуская АЭС

„У адпаведнасці з генеральным кантрактам расейскі бок павінен паставіць нам паліва для першай загрузкі двух энергаблокаў і паліва для іх перазагрузкі, — сказаў чыноўнік. — У цяперашні час мы і генпадрадчык распрацоўваем дадатковае пагадненне да кантракта, у якім агаворваем усе ўмовы пастаўкі ядзернага паліва. Там вельмі шмат пытанняў, якія трэба старанна прапрацаваць”.

Раней паведамлялася, што першае ядзернае паліва для АЭС павінна прыбыць у Беларусь у канцы 2017 года. Верагодна, карэктывы ў тэрмінах пастаўкі паліва ўзніклі з-за змены тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю першага блока, які чакаецца ў 2019 годзе.

Міхадзюк таксама нагадаў, што корпус рэактара дастаўлены на будаўнічую пляцоўку АЭС у канцы мінулага года. „Генпадрадчыкам падрыхтаванае і ўзгодненае з генеральным канструктарам і ўсімі зацікаўленымі інстанцыямі тэхнічнае рашэнне на яго ўжыванні на энергаблоку № 1”, — сказаў ён.

„Найбліжэйшым часам будзе праведзены ўваходны кантроль гэтага корпуса ў адпаведнасці з рэгламентам. Паводле яго вынікаў генпадрадчык пачне мантаж гэтага корпуса. Падрыхтоўчыя работы дэмантажу вядуцца цяпер”, — паведаміў Міхадзюк.

Раней начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў АЭС Эдуард Свірыд паведамляў, што паліўныя элементы для Беларускай АЭС уяўляюць сабой цеплавыдзяляльныя зборкі даўжынёй 4,5 метра — камплекты трубак з цырконіевага сплаву, усярэдзіне якіх знаходзяцца ўранавыя таблеткі. У адзін рэактар тыпу „ВВЭР-1200” загружаецца 163 цеплавыдзяляльныя зборкі, у якіх змяшчаецца агульным лікам больш за 17 млн уранавых таблетак. Вага адной уранавай таблеткі складае пяць грамаў. Колькасць цяпла, якое можна атрымаць ад адной такой таблеткі, эквівалентная 350 літрам нафты, 360 кубаметрам прыроднага газу, 400 кілаграмам каменнага вугалю ці 640 кубаметрам драўніны. Свірыд адзначыў, што „калі б гэтыя таблеткі можна было б выкарыстоўваць для ацяплення жылога сядзібнага дома, то двух такіх хапіла б на год”.

Паводле яго слоў, дакладны кошт паліва з’яўляецца камерцыйнай таямніцай кампаніі-пастаўшчыка. Аднак прадстаўнік АЭС расказаў, што кошт адной уранавай таблеткі складае каля 15 еўра. Такім чынам, кошт аднаразовай загрузкі аднаго рэактара складае каля 255 млн еўра. „Хоць гэта яшчэ далёка не ўся [цана], таму што ёсць яшчэ і вытворчасць, транспарціроўка”, — падкрэсліў ён.

Цеплавыдзяляльныя зборкі разлічаныя на тры-чатыры гады працы ў рэактары. Працоўны патэнцыял паліўных элементаў растрачваецца нераўнамерна, таму зборкі своечасова перамяшчаюць адносна цэнтра рэактара. „У цэнтры яны выгараюць хутчэй, з цэнтра іх перамяшчаюць на перыферыю, а тыя з перыферыі — у цэнтр, потым з перыферыі — у басейн вытрымкі. Гэта перманентны працэс”, — растлумачыў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Беларускай АЭС.

Ён дадаў, што акрамя камплекты з 163 цеплавыдзяляльных зборак на Беларускую АЭС прывязуць яшчэ дзве запасныя загрузкі. „Такім чынам, мы запускаем станцыю, і ў нас ужо ёсць запас паліва на 10-12 гадоў без усялякіх эканамічных і кан’юнктурных пертурбацыяў”, — падсумаваў Свірыд.

belapan.by