Як надвор’е паўплывала на сёлетні ўраджай на Глыбоччыне
На рынках гарадоў не вельмі багаты выбар беларускай садавіны і гародніны для пакупнікоў. Сухое і спякотнае надвор’е паўплывала на іх ураджай. Для некаторых агароднікаў і фермераў, якія займаюцца продажам свайго ўраджаю, гэта сапраўдная праблема.
На рынках Глыбокага, што на Віцебшчыне, цяпер найбольшы попыт на клубніцы. Але заўжды ёсць попыт на любую мясцовую садавіну і гародніну. Як надвор’е паўплывала на сёлетні ўраджай ды кошты кажуць агароднікі Глыбоччыны.
– У мяне агарод высах. Увесь агарод клубніцамі засаджаны, але сабрала толькі два вядзерцы. Які гэта ўраджай.
РР: Кошты ў гэтым годзе большыя на клубніцы чым былі летась?
– Цяпер не зразумееш. Адзін дзень так, другі дзень інакш.
– Калі паліваеш – ураджай добры. Калі не паліваеш – засыхае ўсё. Ягада кепская.
РР: Колькі зараз клубніцы каштуюць?
– Пятнаццаць рублёў пяцілітровае вядро.
РР: А летась як было?
– Тое ж самае.
РР: Як ураджай агуркоў?
– Слабы. Усяго слаба. Засуха.
РР: Колькі кілаграм агуркоў каштуе на рынку?
– Яшчэ не ведаю. Колькі дадуць. Па рубель пяцьдзясят прадавала жанчына.
– Ураджай сярэдні. Не сказаць, што добры, таму што няма дажджоў. Засуха.
РР: А кошты змяніліся?
– Можа на якіх дзесяць працэнтаў выраслі, з-за таго, што засуха.
У Глыбокае прывозяць часам гародніну і ягады з Берасцейскай вобласці. Самы вялікі попыт быў на клубніцы. Яны ў Глыбокім каштавалі ад 1.50 да 2 рублёў 70 капеек за кілаграм.
Беларускае Радыё Рацыя
