Як у Беларусі падвышаюць сярэдні заробак?



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычнага прафсаюза Аляксандр Ярашук тлумачыць схему росту ў краіне сярэдняга заробку.

Белстат назваў сярэдні заробак у краіне за чэрвень 2017 года. Ён склаў каля 820 рублёў. Нагадаем, што беларускі кіраўнік паставіў задачу дасягнуць да канца году сярэдняга заробку ў памеры 1000 рублёў.

Аляксандр Ярашук: Калі з самага верху ёсць даручэнне давесці заробак да пэўнай лічбы, то відавочна, што той жа Белстат не можа пакінуць па-за ўвагай гэтыя патрабаванні. Ён, напэўна, адзін з тых інструментаў, які рэальна вырашае задачу падвышэння заробкаў. А вось у людзей складваецца адчуванне, што заробкі не растуць і жыць становіцца ўсё складаней. Таму на паперы ў справаздачах могуць намаляваць абсалютна любыя лічбы, хаця дзесьці рост заробкаў і насамрэч мае месца. Але што датычыцца агульнай тэндынцыі, то відавочна, што няма падстаў для росту заробкаў. Сітуацыя ў эканоміцы не змяняецца, і зараз усё гэта нагадвае стары савецкі анекдот, калі рэйкі закончыліся, і тады пасажыры цягніка пачалі гушкаць вагон, каб стварыць ілюзію, што цягнік кудысьці рухаецца. Вось і нам зараз стараюцца стварыць такую ілюзію з заробкамі.

РР: Як статыстыка вылічвае падвышэнне заробкаў?

Аляксандр Ярашук: Калі існуе жорсткая вертыкаль улады, калі дзяржава дамінуе ў эканоміцы, і ўсе падпрарадкоўваюцца органам кіравання, то маніпуляцыі з лічбамі вельмі нескладана зрабіць, каб вывесці неабходнае. І пытанне тут палягае не ў эканамічнай плоскасці, а ў палітычнай.

РР: А каму патрэбна гэтая ілюзія?

Аляксандр Ярашук: Улада стварыла такую сістэму, дзе на першым месцы не рэальнае становішча рэчаў, а прыхарошванне сітуацыі. Гэта ўсё было і пры Савецкім Саюзе, таму веласіпед беларускае кіраўніцтва не вынаходнічала. Адным словам, жывем у краіне крывых люстэрак. На вялікі жаль, улада не хоча адмаўляцца ад архаічных метадаў сістэмы кіравання, і неабходныя рэформы падмяняе фантомнымі поспехамі і заробкамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя