Яўген Буры: Гэта быў глыток свежага паветра



27-28 кастрычніка ў Варшаве адбыўся “Беларускі бізнес-форум”. Адным з арганізатараў гэтага форуму стала асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой, якая завецца АВВА. Адзін з сузаснавальнікаў гэтай арганізацыі і мадэратар “Беларусь-бізнес-форум”, а таксама сябра эканамічнай каманды Святланы Ціханоўскай, былы супрацоўнік Рады бяспекі Беларусі Яўген Буры распавядае пра форум, яго мэты і патрэбы беларускага бізнесу за мяжой.

РР: Ці шмат старых знаёмых вы сустрэлі на бізнес-форуме ў Варшаве. Як гэта было для вас – радасна ці засмучала, што ўсе тут?

Яўген Буры: Знаёмых сустрэў вельмі шмат. Вось глядзеў стрым Сяргея Чалага, і ён сказаў, што ў яго было такое адчуванне на гэтым форуме, што быццам ён трапіў у Менск. Вось падобныя адчуванні былі і ў мяне, таму што вельмі шмат сустрэлі знаёмых, з якімі мелі зносіны, працавалі на той пасадзе, якую вы агучылі апошняй. Канешне, з аднаго боку гэта было вельмі прыемна, што людзі прыйшлі на гэты форум. Практычна ўсе, каго асабіста я запрашаў, прыйшлі, ніхто не адмовіўся. Для ўсіх гэта быў глыток свежага паветра.

Канешне, сумна, што так адбываецца, што мы робім па-сапраўднаму моцную асацыяцыю, моцную беларускую бізнес-дыяспару за мяжой. Але тым не менш гэта трэба рабіць, трэба аб’ядноўвацца, таму дваякія пачуцці.

РР: Калі паглядзець мэты гэтага форуму, асноўныя задачы, то гэта ўсё выглядае як такая аперацыя выратавання беларускага бізнесу, каб ён неяк захаваўся да лепшых часоў.

Яўген Буры: Менавіта так, таму форум і называўся Belarusian Businees Harbour, што перакладаецца як гавань. Мы якраз і спрабуем стаць той гаванню для беларускага бізнесу, каб ён не застаўся сам-насам, таму што сёння складана. Сёння той бізнес, які пакідае краіну, прадстаўлены сам сабе, і людзі, і сем’і. Ніхто не займаўся гэтым пытаннем раней. Спрабавалі, былі там розныя ініцыятывы, якія дапамагалі шматлікім рэпрэсаваным беларусам, але ніхто не займаўся менавіта бізнесменамі, і ніхто не спрабаваў стварыць умовы дзеля таго, каб гэты бізнес мог далей існаваць, хоць пакуль і за мяжой. Вось, як мы сказалі, – у гавані.

РР: Якія асноўныя праблемы агучылі беларускія ўдзельнікі гэтага форуму? Пэўна, яны звязаныя менавіта з рэлакацыяй і ўпісваннем у нейкую іншую бізнес-сістэму, у тым ліку польскую.

Яўген Буры: У нас была адна з мэтаў правядзення гэтага форуму дзеля таго, каб зразумець усе гэтыя праблемы. Каб не мы самі, заснавальнікі ці актыўныя ўдзельнікі асацыяцыі, рашалі за бізнес, якія праблемы іх больш за ўсё хвалююць, мы разумеем, якія яны ёсць. Але тым не менш у хадзе прэзентацыі нашай асацыяцыі ў другі дзень мы запыталіся ў людзей якраз пра тое, што вы зараз пытаецеся ў мяне – якія праблемы іх больш за ўсё хвалююць.

Было вельмі цікава заўважыць, што ўсе праблемы, якія ўказалі людзі ў залі, мы ведалі, але ўсё адно выслухалі. У першую чаргу гэта пытанні крэдытавання. Людзі казалі пра тое, што няма магчымасці для атрымання крэдытных рэсурсаў. Другое – гэта абарона, то бок лабіяванне, у добрым сэнсе гэтага слова, інтарэсаў беларускага бізнесу ў краінах Еўразвязу або іншых краінах. Трэцяе – не хапае разумення  законаў у краіне прыбывання, то бок ёсць прабелы ў тым, як лепш рэгістраваць кампанію, як наймаць людзей, як плаціць падаткі, такая бізнес-адукацыя.

Гэта асноўныя праблемы. І, канешне, людзям трэба мець зносіны паміж сабой, бізнес-кантакты. І мы гэта ўсё разумеем.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя