З 10 сакавіка зменяцца правілы ўвозу некаторых тавараў



З 10 сакавіка зменяцца правілы ўвозу некаторых тавараў для асабістага карыстання з-за мяжы. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэта. Для бытавой тэхнікі, электронікі і сантэхнікі ўсталяваны бязмытны ліміт у адну адзінку кожнага тавару ў тры гады, для аўтамабільных шын – камплект у два гады.

Эканаміст Леў Марголін адзначае, што такое рашэнне адпавядае палітыцы ўладаў – максімальна абмежаваць імпарт тавараў на ўсіх магчымых узроўнях:

– Прычына і мэта адна – скараціць імпарт не толькі на ўзроўні прадпрыемстваў, але і асобных пакупнікоў. Калі нельга купіць імпартны тавар у Беларусі, то чалавек вымушаны ехаць, каб набыць яго недзе за мяжой. Каб ехаць за мяжу яму патрэбна мець візу. Віза мала таго, што дарагая, але не кожны яшчэ можа яе атрымаць, таму гэты бізнес квітнеў. Людзі ехалі і куплялі не толькі для сябе, але і на продаж, вось таму і было прынята такое рашэнне.

Як растлумачылі ў Дзяржаўным мытным камітэце, новыя правілы бяспошліннага ўвозу ўведзеныя пасля аналізу „спажывецкіх уласцівасцяў тавараў, тэрміну службы, практыкі іх звычайнага прымянення або выкарыстання ў побыце, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці”.

Калі казаць пра бытавую тэхніку, ці сантэхніку, то гэты тэрмін складае, як правіла, не менш за 5 гадоў, а аўтамабільных шын – не менш за 2 гады, адзначылі ў ДМК.

Беларускае Радыё Рацыя