З 21 ліпеня павышаецца стаўка рэфінансавання



З 21 ліпеня 2021 года стаўка рэфінансавання складзе 9,25% гадавых, стаўка па крэдыце авернайт — 10,25%, стаўка па дэпазіце авернайт — 8,25%. Адпаведныя рашэнні прынятыя праўленнем Нацыянальнага банка 15 ліпеня па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы, паведаміў рэгулятар.

Папярэдні раз Нацбанк павысіў стаўку рэфінансавання 21 красавіка — з 7,75% да 8,5% гадавых. Гэта было першае за шэсць гадоў павышэнне — да таго стаўку павялічвалі ў студзені 2015 года. Тады на фоне ўзмацнення інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў яна была павышаная з 20 да 25% гадавых. Затым да 2020 года стаўку рэфінансавання пастаянна змяншалі, апошні раз яе зніжэнне адбылося ў ліпені 2020 года — з 8 да 7,75% гадавых.

Павышэнне стаўкі рэфінансавання ў Нацбанку звязалі з ростам інфляцыі. „Як чакалася, у II квартале 2021 года працягнулася паскарэнне гадавога тэмпу росту спажывецкіх цэн, якое пачалося ў канцы 2020 года. Разам з тым інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў павысілася, што галоўным чынам абумоўлена больш значным праінфляцыйным вонкавым фонам, — гаворыцца ў каментары Нацбанка. — Рост цэн на сусветных рынках тавараў (у тым ліку энергарэсурсаў, будаўнічых матэрыялаў, прадуктаў харчавання) узмацніўся ў выніку пашырэння спажывецкага попыту на фоне цяжкасцяў у вытворчасці і лагістыцы. Пры гэтым аднаўленне эканамічнай актыўнасці ў свеце адбываецца больш хуткімі тэмпамі, чым чакалася большасцю міжнародных экспертаў”.

Дадатковым фактарам, якія падтрымліваюць інтэнсіўны рост спажывецкіх цэн у Беларусі, сталі павышаныя інфляцыйныя чаканні эканамічных агентаў. „У той жа час умацаванне беларускага рубля ў II квартале 2021 года, а таксама захаванне кантролю за грашовай прапановай абмяжоўвалі інфляцыйныя працэсы ўнутры краіны. З улікам усяго комплексу знешніх і ўнутраных фактараў па выніках чэрвеня 2021 года спажывецкія цэны выраслі на 9,9% у гадавым выражэнні”, — адзначаецца ў каментары.

Як падкрэслівае рэгулятар, у найбліжэйшай перспектыве ў сусветнай эканоміцы інфляцыйны фон захаваецца павышаным. Разам з тым чакаецца, што інфляцыя ў краінах — гандлёвых партнёрах Беларусі стане паступова запавольвацца. Шмат у чым гэтаму будзе спрыяць аднаўленне балансу попыту і прапановы тавараў на сусветных таварных рынках, у тым ліку ў сегменце харчовых тавараў за кошт атрымання новага ўраджаю сельскагаспадарчых культур. У прыватнасці, паводле прагнозаў Банка Расеі, паступовая нармалізацыя грашова-крэдытнай палітыкі, у тым ліку ўжо прынятыя рашэнні адносна павышэння ключавой стаўкі, дазволяць знізіць інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў у Расейскай Федэрацыі і запаволіць рост спажывецкіх цэн да мэтавага ўзроўню ў другой палове 2022 года.

„У той жа час захоўваецца высокая інфляцыя ў краінах — гандлёвых партнёрах нароўні з нявызначанасцю адносна перспектыў аднаўлення сусветнай эканомікі, тэрмінаў пачатку і хуткасці нармалізацыі грашова-крэдытных палітык у развітых краінах, а таксама павелічэннем адхілення інфляцыі ў Беларусі ад мэтавага ўзроўню можа перашкаджаць запаволенню інфляцыйных працэсаў у краіне”, — лічаць у Нацбанку.

„Беручы пад увагу ўсю сукупнасць названых фактараў і неабходнасць абмежавання праінфляцыйных рызык”, праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне аб павышэнні стаўкі рэфінансавання на 75 базісных пунктаў.

Паводле прагнозаў экспертаў, у гэтых умовах па выніках III квартала гадавая інфляцыя захаваецца паблізу ўзроўню, які склаўся ў чэрвені бягучага года. „Такая дынаміка шмат у чым абумоўленая яе паскарэннем, якое адбылося. У далейшым інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў стане запавольвацца. У снежні 2021 года гадавы прырост спажывецкіх цэн ацэньваецца паблізу 9%. Інфляцыя ў гадавым вымярэнні наблізіцца да ўзроўню 6% да канца 2022 года”, лічаць у Нацбанку.

У наступным праўленне Нацыянальнага банка пры прыняцці рашэнняў па грашова-крэдытнай палітыцы „па-ранейшаму будзе зыходзіць з неабходнасці падтрымання цэнавай стабільнасці, улічваючы ўвесь комплекс знешніх і ўнутраных умоў, якія ўплываюць на фактычную і чаканую інфляцыю і яе адхіленне ад мэтавага арыенціру, а таксама ацэнку інфляцыйных рызык”.

belapan.by