З інжынераў – у фермеры



Малады прадпрымальнік з Ліды, інжынер-электратэхнік па адукацыі, Аляксей Туркевіч заняўся сельскай гаспадаркай на Лунінеччыне, якую называюць „клубнічным краем” Беларусі. Ужо другі год запар на сваёй гаспадарцы ў вёсцы Вічын, ён разам з наёмнымі работнікамі вырошчвае клубніцы сорту „Кімберлі” ў прамысловых маштабах для продажу ў замежжа.

Аляксею ў гэтай справе дапамагаюць ягоны бацька і жонка – мінчанка Аляксандра, якая, ўзяўшы адпачынак разам з мужам, знаходзіцца на „выбарцы” ягады з палеткаў, якіх у яго адзін гектар.

„Палічыў. Плюс мне падабаецца нешта ўкараняць, нейкія тэхналогіі: кропельны паліў, розныя гатункі выпрабоўваць. Дзед у мяне быў аграномам, думаю, нешта адтуль засталося”, – кажа Аляксей.

Мясцовых, якіх фермер наймае на сезон, каб тыя дапамагалі збіраць, перабіраць і раскладваць клубніцы па скрынях, у залежнасці ад інтэнсіўнасці працы, збіраецца каля трыццаці чалавек. Зарабляюць яны па 3,5 беларускіх рублі ў гадзіну, таму за дзевяцігадзінны працоўны дзень можна зарабіць да 32,5 рублёў. Сам сезон „выбаркі” клубніцаў у гэтых краях цягнецца каля двух-трох тыдняў. Частка людзей знаходзяцца непасрэдна на палетках, другая згуртавалася ля сталоў, на якіх ягаду перабіраюць і раскладваюць у залежнасці ад памераў у скрыні. Мужчыны пазней загружаюць гэтыя скрыні ў грузавы аўтамабіль, і Аляксей выправіцца ў рэйс „на Маскву”. Прадпрымальнік не прадае сваю ягаду на мясцовым рынку ў вёсцы Дварэц, дзе кошт у неспрыяльныя дні можа вагацца ад 70 да 80 капеек за кілаграм і тым больш не здае дзяржаве, якая ў гэтым сезоне прымае клубніцы ўвогулле па 30 капеек за кілаграм. Аляксею пашанцавала „знайсці чалавека” ў Маскве і рэалізоўваць ягаду там, дзе кошты вышэйшыя.

„Перанасычанасць рынку зараз, бо ўсе вырашылі клубніцамі займацца. З-за гэтага цяпер часам вагаецца, але ў асноўным застаецца на нізкім узроўні. Увесь рынак запоўнены. У Маскве можна прадаць „сярэднюю” ягаду за 3 беларускія рублі”, – кажа Аляксей.

Акрамя гаспадаркі ў Вічыне на Лунінеччыне, Аляксей набыў яшчэ 25 гектараў у Вілейскім раёне, дзе планаваў таксама вырошчваць клубніцы, аднак зараз сумняецца ці варта. Прычына ўсё тая ж – перанасычанасць рынку клубніцамі, а з-за гэтага падае ейны кошт. Клубніцы трэба даглядаць, палоць, аплочваць дарагія саджанцы і г.д.

„Зараз многія пераходзяць на „рэмантантныя” (познія) гатункі, якія саспяваюць пазней. Але і там, калі рынак перагрузіцца, то і на іх кошт упадзе, а так, калі яе мала, то і кошт трымаецца”, – кажа Аляксей.

Напрыканцы, жонка фермера Аляксандра падсумоўвае і ўсміхаецца:

„Не на „поўднях”, але загарыш тут не горш. Я не жыву ілюзіямі і разумею, што трэба працаваць, таму нічога дзіўнага для мяне тут не было, калі я з Менску еду сюды”.

Цалкам матэрыял у далучаным аўдыёфайле:

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя