З Менску будуць выносіць буйныя прамысловыя прадпрыемствы



Аляксандр Лукашэнка 4 снежня на нарадзе з актывам Менскай вобласці даручыў вырашыць пытанне вынасу з Менску буйных прамысловых прадпрыемстваў.

„Прымыканне раёнаў вобласці да сталіцы вызначае іх непарыўную сувязь з развіццём Менска. Каля года таму мы вызначыліся з задачамі новаму старшыні Менскага гарвыканкама і ўсяму яго актыву. Некаторыя з даручэнняў непасрэдна тычацца і Менскай вобласці”, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Па-першае, паводле слоў Лукашэнкі, неабходна вырашыць пытанне вынасу з Менска буйных прамысловых прадпрыемстваў, выкарыстаць іх патэнцыял для падтрымкі адстаючых раёнаў.

Па-другое, заявіў ён, асаблівую ўвагу трэба надаць развіццю гарадоў — спадарожнікаў сталіцы, і перш за ўсё стварэнню ўмоў для так званай маятнікавай міграцыі паміж імі і Менскам. Для гэтага „неабходныя сучасныя і прадуманыя транспартныя рашэнні”.

Па-трэцяе, лічыць Лукашэнка, неабходна выкарыстоўваць магчымасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія ўваходзяць у так званую Мінскую агламерацыю (Менскі, Дзяржынскі, Уздзенскі, Лагойскі і Смалявіцкі раёны). „Ствараныя ў іх інфраструктурныя арганізацыі маглі б аказваць сэрвісныя, транспартныя, адміністрацыйныя, спартыўна-забаўляльныя і іншыя паслугі прадпрыемствам і жыхарам сталіцы”, — адзначыў ён.

„Лічу, што ў Менскай вобласці створаны самыя лепшыя ўмовы для развіцця. Дзейнічае спецыяльны прававы рэжым індустрыяльнага парку „Вялікі камень”, развітая інфраструктура, ёсць чалавечыя рэсурсы і ўнікальнае эканоміка-геаграфічнае становішча. Неабходна толькі эфектыўна задзейнічаць кадравы патэнцыял”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама нагадаў пра неабходнасць працы над павелічэннем узроўню заробкаў, але ва ўвязцы з прадукцыйнасцю працы. „Нягледзячы на тое што заработная плата устойліва перавышае 1 тыс. рублёў, яна павінна працягваць расці, асабліва ў Вілейскім, Бярэзінскім, Капыльскім, Мядзельскім, Валожынскім раёнах”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by