З новага года ў Беларусі будзе ўкаранёная сістэма імгненных плацяжоў



У Беларусі вызначаны парадак функцыянавання сістэмы імгненных плацяжоў (СІП), паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка.

Укараніць сістэму ў доследную эксплуатацыю плануецца 1 студзеня 2019 года, у прамысловую — 1 ліпеня 2019 года.

Інструкцыю аб парадку функцыянавання СІП і правядзення імгненных плацяжоў Нацбанк зацвердзіў пастановай праўлення № 540 ад 20 лістапада 2018 года.

Сістэма імгненных плацяжоў, адзначылі ў Нацбанку, з’яўляецца інавацыйнай і дазволіць кліентам беларускіх банкаў ажыццяўляць аплату тавараў, работ, паслуг, выкананне абавязацельстваў перад бюджэтам у рэжыме рэальнага часу кругласутачна без выхадных і святаў.

Інструкцыя вызначае парадак працы СІП і прававое поле для функцыянавання сістэмы. У прыватнасці, у інструкцыі дадзеныя азначэнні асноўных тэрмінаў і паняцце шасці асноўных асаблівасцяў працы СІП, устаноўлены парадак яе функцыянавання, умовы прыёму, правядзення і апрацоўкі імгненных плацяжоў, прававыя паўнамоцтвы Нацбанка і ААТ „Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр”, патрабаванні да банкаў — удзельнікам СІП.

Пад выкананнем імгненнага плацяжу маецца на ўвазе спісанне грошай з рахунку плацельшчыка і іх залічэнне на рахунак атрымальніка на працягу адной хвіліны праз скразную бесперапынную апрацоўку імгненных плацяжоў (г. зн. прадугледжваецца поўная аўтаматызацыя ўсіх працэсаў).

Адзначаецца, што зараз у Беларусі існуюць часовыя абмежаванні па прыёме і апрацоўцы плацяжоў у будныя, а таксама ў святочныя і выхадныя дні, калі аўтаматызаваная сістэма міжбанкаўскіх разлікаў Нацбанка і большасць аўтаматызаваных банкаўскіх сістэм не працуюць.

Для выканання імгненных плацяжоў банкі павінны будуць кантраляваць дастатковасць сродкаў на рахунках плацельшчыкаў, правяраць плацеж, які паступіў, рэзерваваць грошы на сваіх карэспандэнцкіх рахунках у памеры, дастатковым для правядзення меркаваных аб’ёмаў плацяжоў, у тым ліку для працы ноччу, у выхадныя і святы. Удзел банкаў у СІП будзе мець добраахвотны характар, а канкрэтныя ўмовы ажыццяўлення імгненных плацяжоў будуць вызначацца ў дамове, заключанай банкам — удзельнікам СІП з плацельшчыкам.

„Укараненне СІП з’яўляецца чарговым крокам па ўдасканаленні плацежнай сістэмы Беларусі з улікам сусветных тэндэнцый, таму што дасць магчымасць ажыццяўляць плацяжы больш хуткім, надзейным і адносна недарагім спосабам за кошт эканоміі транзакцыйных выдаткаў для ўдзельнікаў працэсу ажыццяўлення імгненнага плацяжу”, — падкрэслілі ў Нацбанку.

belapan.by