З пачатку года беларусы здалі на 1,6 млрд даляраў больш, чым набылі



Насельніцтва Беларусі з пачатку года здало ў банкі на 1,6 млрд далаяраў наяўнай замежнай валюты больш, чым купіла.

Як сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка, за студзень—кастрычнік насельніцтва прадало банкам наяўнай замежнай валюты на 6 млрд 429,8 млн даляраў у эквіваленце, а купіла ў банкаўскіх установах — 4 млрд 822,9 млн даляраў. Такім чынам, чысты продаж наяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 1 млрд 606,8 млн даляраў.

З улікам безнаяўнай валюты чысты продаж валюты насельніцтвам быў некалькі меншым — 1 млрд 126,5 млн долараў у эквіваленце. У студзені—кастрычніку фізічныя асобы прадалі наяўнай і безнаяўнай валюты на 7 млрд 656,5 млн долараў у эквіваленце, купілі — 6 млрд 529,9 тыс млн даляраў.

Насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты з пачатку 2016 года, але ў гэтым годзе аб’ёмы продажу прыкметна знізіліся. Як адзначаюць у Нацбанку, скарачэнне аб’ёмаў продажу валюты насельніцтвам стварае дадатковую турбулентнасць для курсу беларускага рубля.

„Калі чысты попыт з боку суб’ектаў гаспадарання з’яўляецца досыць устойлівым, то чыстая прапанова з боку насельніцтва, як паказаў верасень 2018 года, можа досыць хутка знікнуць, ствараючы тым самым дадатковую турбулентнасць на ўнутраным валютным рынку для курсу нацыянальнай валюты”, — заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын 1 лістапада на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка.

За 2017 год чысты продаж наяўнай замежнай валюты насельніцтвам склаў 2 млрд 220 млн даляраў.

belapan.by