З пачатку года колькасць ІП знізілася



Паводле звестак Белстата, на 1 верасня 2018 года ў краіне дзейнічала 142,5 тыс. юрыдычных асоб і 242,5 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з 1 студзеня 2018 года вырасла на 0,7%, ІП — скарацілася на 0,4%. Разам з тым за год колькасць юрыдычных асоб вырасла на 1,4%, ІП — скарацілася на 0,02%.

Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзілася ў Менску — 50.911 (за год іх колькасць вырасла на 2,3%). У Менскай вобласці — 26.318 (рост на 0,7%), у Берасцейскай — 14.615 (рост на 0,7%), Гомельскай — 14.008 (рост на 0,8%), Віцебскай — 13.099 (рост на 1,3%), Магілёўскай — 11.993 (рост на 2,1%), Гарадзенскай — 11.519 (рост на 0,2%).

Найбольшая колькасць ІП таксама знаходзілася ў Менску — 74.784 (за год іх колькасць знізілася на 4,3%). У Менскай вобласці налічвалася 38.800 ІП (рост на 4,8%), у Берасцейскай — 32.639 (рост на 1,1%), Гомельскай — 27.094 (рост на 1,8%), Гарадзенскай — 24.304 (зніжэнне на 0,7%), Магілёўскай — 23.214 (рост на 2,9%), Віцебскай — 21.616 (рост на 0,9%).

Грамадскае аб’яднанне „Перспектыва”, якое прадстаўляе інтарэсы занятых у гандлі індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), рыхтуе зварот да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай арганізаваць сустрэчу. Як раней паведаміў БелаПАН старшыня „Перспектывы” Анатоль Шумчанка, да 25 верасня ідзе збор прапаноў па тэксце звароту да кіраўніка дзяржавы. Прыняць канчатковы варыянт плануецца на чарговым форуме прадпрымальнікаў 1 кастрычніка, пасля чаго пачнецца збор подпісаў пад зваротам.

„Перспектыва” мае намер прапанаваць Лукашэнку абмеркаваць ўвядзенне мараторыя на прадстаўленне поўнага пакета абавязковых дакументаў да навядзення парадку ў дакументаабароце ў Расеі, увесці амністыю на ўвезеныя да цяперашняга часу тавары ў частцы прадстаўлення дакументаў.

Аб’яднанне таксама прапаноўвае вызначыць сектар рознічнага гандлёвага індывідуальнага прадпрымальніцтва як асобны інстытут „для забеспячэння роўных умоў бізнесу з буйнымі гандлёвымі арганізацыямі з забеспячэннем максімальна спрошчаных умоў вядзення бізнесу”. 

Шумчанка звярнуў увагу на тое, што ініцыятыва арганізаваць сустрэчу з кіраўніком дзяржавы зыходзіць ад прадпрымальнікаў з рэгіёнаў. „Чыноўнікі не хочуць дакладваць аб рэальнай сітуацыі. Мы паспрабавалі коратка апісаць, хто вінаваты ў сітуацыі, якая склалася, і чаму гэта ўсё адбываецца”, — сказаў ён.

На форуме прадпрымальнікаў плануецца таксама абмеркаваць пытанні, звязаныя з выдачай у Расеі анлайн-чэкаў і магчымымі наступствамі пры іх адсутнасці.

БелаПАН