За 2020 год колькасць занятых у беларускай эканоміцы скарацілася на 30,2 тыс.
У беларускай эканоміцы ў снежні 2020 года было занята 4 млн 303,3 тыс. чалавек, вынікае са звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Годам раней, у снежні 2019-га, гэты паказчык складаў 4 млн 333,5 тыс.
Такім чынам, за год колькасць занятых скарацілася на 30,2 тыс.
У чацвёртым квартале 2020 года ў Беларусі вырас узровень фактычнага беспрацоўя, сведчаць вынікі праведзенага Нацыянальным статыстычным камітэтам выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак.
Узровень занятасці насельніцтва (суадносіны колькасці занятага насельніцтва да колькасці насельніцтва ва ўзросце 15—74 гадоў) склаў 67,9%, узровень беспрацоўя (у адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы) — 4,1% колькасці працоўнай сілы. Фактычнае беспрацоўе ў трэцім квартале складала 4%, узровень занятасці — 68,2%.
Паводле звестак Белстата, у снежні 2020 года колькасць звольненых работнікаў склала 48.121, прынятых на працу — 41.454. Суадносіны прынятых і звольненых — 86,1%. Найбольшая колькасць звольненых прыпала на прамысловасць — 10.509 чалавек (суадносіны — 88%), затым ідуць: гандаль — 7.535 (111,7%), адукацыя — 5.163 (86,5%), ахова здароўя і сацыяльныя паслугі — 4.193 (82,1%), будаўніцтва — 3.839 (62,7%).
Эксперты звязваюць зніжэнне занятых у эканоміцы з дэмаграфічнай сітуацыяй, а таксама з адтокам рабочай сілы за мяжу.
