За 9 месяцаў крыніцы „Белэнерга” выпрацавалі 25,5 млрд кілават-гадзін электраэнергіі



За дзевяць месяцаў генеруючыя крыніцы вытворчага аб’яднання „Белэнерга” выпрацавалі 25,5 млрд кілават-гадзін электраэнергіі — на 16,6% больш, чым за аналагічны перыяд 2017 года, паведамляе прэс-служба аб’яднання.

Статыстычныя дадзеныя аб працы генеруючых аб’ектаў на пасяджэнні прэзідыума савета аб’яднання на мінулым тыдні ў Менску прадставіла начальнік вытворча-тэхнічнага ўпраўлення „Белэнерга” Тамара Антропава.

Вытворчасць цеплавой энергіі за студзень—верасень 2018-га склала 23,4 млн гігакалорыяў (99,9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).

Удзельны расход умоўнага паліва на выпрацоўку электрычнасці склаў 241,1 грама на адну кілават-гадзіну, на вытворчасць цяпла — 166,91 кілаграма на адну гігакалорыю.

Расход электраэнергіі пры яе транспартаванні ў сетках склаў 7,97% — на 0,3 працэнтнага пункта ніжэй, чым за дзевяць месяцаў 2017 года.

Вытворчае аб’яднанне „Белэнерга” знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства энергетыкі. Яно займаецца вытворчасцю, перадачай, размеркаваннем і продажам электрычнасці і цяпла; транзітам электраэнергіі; дзяржаўным энерганаглядам.

Аб’яднанню падпарадкаваная пераважная большасць энергакрыніц краіны. На 1 студзеня 2018 года пад кіраваннем „Белэнерга” знаходзіліся крыніцы сумарнай магутнасцю 9.109,06 мегавата. Устаноўленая магутнасць аб’яднанай энергасістэмы краіны складала 10.143,412 мегавата.

belapan.by