За год чысты прыбытак беларускіх арганізацый скараціўся на траціну



Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных арганізацый у студзені—лютым гэтага года ў параўнанні са студзенем—лютым 2017-га знізілася з 1.648 да 1.606, або на 2,5%, іх удзельная вага — з 23,2 да 22,6%.

Чысты прыбытак арганізацый склаў 1 млрд 146,7 млн рублёў, што на 31,3% менш, чым у студзені—лютым 2017 года. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 1 млрд 492,6 млн (на 26,2% менш).

Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 17,8% да 2 млрд 376,8 млн рублёў. Рэнтабельнасць продажу і рэалізаванай прадукцыі засталася на ўзроўні мінулага года — 9% і 7,3% адпаведна.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый краіны ў бягучых цэнах склала 32 млрд 772,6 млн рублёў, або на 17,8% больш, чым у студзені—лютым 2017 года.

Пры гэтым сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у студзені—лютым 2018-га ў параўнанні са студзенем—лютым 2017 года павялічылася на 18% да 26 млрд 437,6 млн рублёў.

Між тым яшчэ ў 2016 годзе Аляксандр Лукашэнка абвясціў зніжэнне ўсіх відаў выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі стратэгічным напрамкам павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі. Перад дзяржорганамі была пастаўленая задача забяспечыць зніжэнне сабекошту прадукцыі на чвэрць. Аднак, паводле ацэнкі незалежных эканамістаў, знізіць сабекошт ва ўмовах дырэктыўнай эканомікі немагчыма.

„Сабекошт не прадугледжвае магчымасці хуткага банкруцтва і ліквідацыі дрэнных праектаў і актываў, ідзе перакладанне дадатковых выдаткаў на куплю сыравіны і камплектуючых на канчатковую цану тавару. А канкурэнтная яна ці не, нікога не цікавіць”, — адзначаў у каментары БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія „, член Савета па развіцці прадпрымальніцтва Яраслаў Раманчук. „Памылкі уладаў у эканамічнай палітыцы закладваюцца ў кошт, у тым ліку за кошт стварэння наменклатурных камерцыйных пасрэднікаў. Таму і растуць выдаткі”, — рэзюмаваў аналітык.

belapan.by