За год колькасць аб’ектаў грамадскага харчавання вырасла на 613 адзінак



Паводле аператыўных даных Гандлёвага рэестра, па стане на 1 студзеня 2018 года ў Беларусі 14.896 аб’ектаў грамадскага харчавання больш чым на 831 тыс. месцаў, паведаміла прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

За 2017 год колькасць аб’ектаў грамадскага харчавання павялічылася на 613 (ці на 4,3%), колькасць месцаў — на 24.897 (або на 3%).

Дзейнасць грамадскага харчавання ў рэспубліцы ажыццяўляюць 7.447 суб’ектаў, з якіх 576 — індывідуальныя прадпрымальнікі (7,7%), 6.871 — юрыдычныя асобы (92,3%). Колькасць суб’ектаў грамадскага харчавання за 2017 год павялічылася на 995 (або на 15,4%).

Паводле аператыўнай інфармацыі, на 1 студзеня 2018 года забяспечанасць месцамі на агульнадаступных аб’ектах грамадскага харчавання на 1.000 чалавек склала 42 месцы (на 1 больш, чым на пачатак 2017 года), у тым ліку па Берасцейскай вобласці — 40,1; Віцебскай — 40; Гомельскай — 38,4; Гарадзенскай — 37,2; Менскай — 42,1; Магілёўскай — 38,4; Менску — 51.

Як адзначыла 5 снежня на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг МАРГ Віялета Бразоўская, у 2017 годзе прырост аб’ектаў грамадскага харчавання адбыўся ў асноўным за кошт адкрыцця кафэ і рэстаранаў хуткага абслугоўвання.

Паводле звестак Белстата, тавараабарот грамадскага харчавання ў 2017 годзе склаў 2,1 млрд рублёў, што на 2,3% больш у супастаўных цэнах, чым у 2016 годзе.

belapan.by