За год колькасць занятых у беларускай эканоміцы скарацілася на 30,7 тыс.



У эканоміцы ў красавіку 2021 года было занята 4 млн 289,3 тыс. чалавек, вынікае з дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Годам раней, у красавіку 2020-га, гэты паказчык складаў 4 млн 320 тыс.

Такім чынам, за год колькасць занятых скарацілася на 30,7 тыс.

Паводле дадзеных Белстата, у I квартале 2021 года ўзровень занятасці насельніцтва (суадносіны колькасці занятага насельніцтва да колькасці насельніцтва 15—74 гадоў) склаў 66,4%, узровень беспрацоўя (у адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы) — 4,2% колькасці працоўнай сілы. Фактычнае беспрацоўе ў чацвёртым квартале 2020 года складала 4,1%, узровень занятасці — 67,9%. У адпаведнасці з міжнароднай метадалогіяй людзі, якія не маюць працы, але паведамляюць, што актыўна яе шукаюць, класіфікуюцца як беспрацоўныя.

Паводле звестак Мінпрацы, узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 траўня склаў 0,2% і ў параўнанні з 1 траўня 2020 года не змяніўся.

Паводле звестак Белстата, у красавіку 2021 года колькасць звольненых работнікаў склала 65.219, прынятых на працу — 52.566, суадносіны прынятых і звольненых — 80,6%. Найбольшая колькасць звольненых прыйшлася на прамысловасць — 14.606 чалавек (суадносіны — 73,9%), затым ідуць: гандаль — 10.794 (91%), сельская, лясная і рыбная гаспадарка — 8.736 (96,5%), адукацыя — 6.425 (71%), ахова здароўя і сацыяльныя паслугі — 5.459 (68,7%), будаўніцтва — 4.848 (86,4%), энергетыка — 4.044 (32,5%), творчасць, спорт, забавы і адпачынак — 3.397 (36,1%), транспарт — 3.321 (73,5%).

Апытаныя БелаПАН эксперты звязваюць зніжэнне занятых у эканоміцы з дэмаграфічнай сітуацыяй, а таксама з адтокам працоўнай сілы за мяжу, які ўзмацніўся ў сувязі з палітычным крызісам у краіне.

belapan.by