За кошт чаго папоўняць бюджэт?



Кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін распавёў пра крыніцы папаўнення бюджэту, на якія разлічваюць улады.

Намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў агучыў дадатковыя крыніцы папаўнення беларускага бюджэту. Па яго словах, адной з асноўных крыніц можа быць пашырэнне падатковай базы, уключэнне ў падатковую базу іншых даходаў, адмена ільгот, а таксама паляпшэнне рэальнага сектара.

Уладзімір Кавалкін: На мой погляд, з гэтага спіса мала што рэальна можа папоўніць бюджэт. Напрыклад, калі кажуць пра пашырэнне падатковай базы, то яна спрацуе толькі ў тым выпадку, калі будзе эканамічны рост, а на гэта Міністэрства фінансаў ніякім чынам не можа паўплываць. Калі росту няма, то вялікае пашырэнне падатковай базы малаэфектыўнае. Часткова можа спрацаваць скарачэнне падатковых ільгот, але тут пытанне ў тым: якіх менавіта? І каго гэтых ільгот пастарюцца пазбавіць? Калі пазбавяць дзяржаўныя прадпрыемствы, а затым ім жа грошы ізноў будуць пераразмяркоўвацца з бюджэту, то які ў гэтым сэнс? Калі мы кажым пра камерцыйныя прадпрыемствы, то яны і так працуюць фактычна без ільгот, таму што многія ільготныя падатковыя рэжымы за апошнія тры-чатыры гады адмянілі. Але пазітыў у тым, што хаця б не падвышаюць стаўкі падаткаў.

РР: Мінфін плануе ўключыць у падатковую базу іншыя даходы. Што гэта могуць быць за даходы?

Уладзімір Кавалкін: Хутчэй за ўсё, размова ідзе пра тых людзей, якія паўлегальна зарабілі грошы за мяжой і не сплачвалі падаходны падатак. Магчыма, звернуць увагу на нейкую дробную прадпрымальніцкую дзейнасць. Можа быць, пабольш грошай паспрабуюць забраць у ІП-эшнікаў. Праўда, сёння канкрэтыкі няма, а таму можна нешта толькі прагназаваць.

РР: Але ж, напэўна, праз час вернуцца і да тэмы “дармаедаў”, з якіх таксама паспрабуюць спагнаць грошы?

Уладзімір Кавалкін: Насамрэч дэкрэт аб «дармаедах» стварае ўсім больш праблем, чым іх вырашэнняў. Напрыклад, выдаткі на збор сродкаў перавышаюць даходы. У дадатак яшчэ і негатыўны піяр-эфект для дзяржавы, таму не думаю, што гэта – выхад з сітуацыі. Праз год гэтая тэма, напэўна, ізноў з’явіцца на паверхні, і трэба будзе прымаць нейкае рашэнне, што з дэкрэтам рабіць далей. Але з эканамічнага пункта погляду ў ім наогул няма ніякага сэнсу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускка Радыё Рацыя