За студзень 2021 года Украіна імпартавала з Беларусі электрычнасці больш, чым за ўвесь мінулы год



За студзень 2021 года Украіна імпартавала з Беларусі 183,722 млн кілават-гадзін электраэнергіі, сведчаць абноўленыя дадзеныя на сайце Нацыянальнай энергетычнай кампаніі „Укрэнерга”.

З гэтай колькасці 180,589 млн кВт∙гадз электрычнасці паступіла ў рэжыме камерцыйных паставак, 3,133 млн — у рэжыме аварыйных паставак. У сваю чаргу Украіна ў рэжыме аварыйнай дапамогі паставіла ў Беларусь 77 тыс. кВт∙гадз электраэнергіі.

У студзені гэтага года Беларусь стала найбуйнейшым камерцыйным пастаўшчыком электраэнергіі на ўкраінскі рынак, забяспечыўшы 67,3% імпарту Украіны і абагнаўшы Славакію (29,2%), Венгрыю (2,6%) і Румынію (0,9%).

Варта адзначыць, што за першы месяц гэтага года Украіна ўжо набыла беларускай электрычнасці больш, чым за ўвесь мінулы год. Нагадаем, у 2020-м Украіна імпартавала з Беларусі 152,308 млн кВт∙гадз электраэнергіі.

У сярэдзіне 2019 года ва Украіне быў сфармаваны новы электраэнергетычны рынак, і замежныя вытворцы электрычнасці, уключаючы дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне „Белэнерга”, атрымалі магчымасць прадаваць яго ўкраінскім кампаніям-трэйдарам.

За другую палову 2019 года Беларусь экспартавала ва Украіну 852 млн 137,3 тыс. кілават-гадзін электраэнергіі на 45,57 млн долараў. Аднак з пачатку 2020 года Украіна стала планамерна зніжаць куплю беларускай электраэнергіі, пакуль цалкам ад яе не адмовілася к маю.

4 лістапада 2020 года на нарадзе в.а. міністра энергетыкі Украіны Вольгі Буславец з кіраўніцтвам энергагенеруючых кампаній, „Укрэнерга” і іншых прадстаўнікоў галіны было заяўлена, што прагнозны баланс электраэнергіі ва Украіне на 2021 год не прадугледжвае яе імпарт з Беларусі і экспарт украінскай электрычнасці ў Беларусь.

Аднак 5 студзеня гэтага года кампанія „Укрэнерга” паведаміла аб аднаўленні імпарту беларускай электраэнергіі ў гандлёвую зону аб’яднанай энергасістэмы Украіны. Гэты крок быў аргументаваны тым, што красавіцкае рашэнне Нацыянальнай камісіі Украіны, якая ажыццяўляе дзяржрэгуляванне ў сферы энергетыкі і камунальных паслуг, аб прыпыненні імпарту з Беларусі, прынятае з-за рызыкі негатыўных для энергасістэмы наступстваў распаўсюджвання COVID-19, страціла сілу 1 студзеня 2021 года.

Рашэнне аднавіць імпарт электрычнасці з Беларусі выклікала абурэнне шэрагу экспертаў ва ўкраінскай медыяпрасторы. 12 студзеня Мінэнерга Беларусі адрэагавала на гэтую крытыку, заявіўшы, што „пытанне гандлю электрычнай энергіяй з Украінай ляжыць у камерцыйнай плоскасці”. „Яго варта разглядаць выключна ў рамках узаемадзеяння суб’ектаў гаспадарання, не больш за тое, — адзначылі ў міністэрстве. — Спробы асобных украінскіх СМІ палітызаваць гэты працэс, навязаць ідэю „пагрозы беларускай электраэнергіі нацыянальным інтарэсам Украіны” выглядаюць нацягнута і не ідуць на карысць двухбаковым адносінам”.

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба ў эфіры тэлеканала „Украіна 24” заявіў, што не бачыць супярэчнасці ў тым, што Украіна аднавіла гандаль электраэнергіяй з Беларуссю, нягледзячы на жорсткую пазіцыю па сітуацыі ў суседняй краіне.

„Ці можна гандляваць з Беларуссю, калі там адбываюцца сістэмныя парушэнні правоў чалавека? Мой адказ — можна, гэта мая прынцыповая пазіцыя”, — сказаў чыноўнік. Разам з тым ён падкрэсліў, што пасля пачатку пратэстаў Украіна заняла вельмі жорсткую пазіцыю: далучылася да санкцый Еўрасаюза, не прызнала Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам, крыху палегчыла пераезд беларускіх грамадзян ва Украіну.

„Я хачу запэўніць, што мы заўсёды будзем стаяць на баку беларускага народа, — заявіў кіраўнік украінскага МЗС. — Але таксама хачу дадаць, што яшчэ ніводная краіна свету не ўвяла якіх-небудзь сістэмных, комплексных эканамічных санкцый супраць Беларусі. Ёсць санкцыі супраць кампаній, але гандлёвае эмбарга супраць Беларусі не ўжывалася”.

Кулеба адзначыў, што гандаль электраэнергіяй з Беларуссю на гэтым этапе — гэта тактыка, у той час як стратэгія заключаецца ў тым, каб Украіна ў 2023 годзе далучылася да энергасістэмы ЕС, рассінхранізаваўшыся з сістэмамі Беларусі і Расіі.

belapan.by