За студзень-верасень тэрміновыя ўклады насельніцтва скараціліся на 1,6 млрд даляраў



За дзевяць месяцаў 2020 года тэрміновыя ўклады насельніцтва ў замежнай і нацыянальнай валюце скараціліся на 1,6 млрд даляраў у валютным эквіваленце — гэта вынікае са звестак Нацыянальнага банка Беларусі.

Так, па стане на 1 кастрычніка тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва склалі 4.843,5 млн даляраў і скараціліся за верасень на 303,1 млн даляраў, або на 5,9% (у жніўні — на 7,5%). З пачатку 2020 года тэрміновыя валютныя дэпазіты фізічных асоб зменшыліся на 1.372,8 млн даляраў, або на 22,1%.

У верасні таксама назіралася зніжэнне рублёвых укладаў насельніцтва. На 1 кастрычніка тэрміновыя рублёвыя дэпазіты ў беларускіх банках склалі 4.576,3 млн рублёў і знізіліся за верасень на 77 млн рублёў (29,5 млн даляраў у эквіваленце па сярэднім курсе ў верасні), або на 1,7% (у жніўні — на 5,5%). З пачатку года тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва зменшыліся на 551 млн рублёў (на 10,8%), або на 230,5 млн даляраў (па сярэднім курсе за студзень—верасень).

Такім чынам, у студзені—верасні адток тэрміновых дэпазітаў фізічных асоб у нацыянальнай і замежнай валюце склаў 1.603,3 млн даляраў.

У верасні міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Moody’s і Standard & Poor’s паведамілі, што на фоне палітычнага крызісу ў Беларусі, які ўзнік пасля прэзідэнцкіх выбараў, актывізаваўся адток сродкаў кліентаў з банкаў. Паводле ацэнкі рэйтынгавых агенцтваў, палітычны крызіс негатыўна адбіваецца на працы беларускіх банкаў, многія з якіх у апошнія тыдні вымушаныя былі прыпыніць крэдытаванне насельніцтва.

„На наш погляд, ужо цяпер можна з упэўненасцю сцвярджаць, што сітуацыя ў банкаўскім сектары Беларусі змянілася да горшага ў частцы ліквіднасці, а таксама з вялікай верагоднасцю зменіцца да горшага ў найбліжэйшыя месяцы ў частцы якасці актываў (з улікам чаканага падзення ВУП, а таксама зніжэння курсу нацыянальнай валюты, што абцяжарыць абслугоўванне валютных крэдытаў)”, — адзначыла ў інтэрв’ю БелаПАН малодшы віцэ-прэзідэнт — аналітык Moody’s Investor Service Святлана Паўлава.

Яна дадала, што „ўзровень нявызначанасці як у палітычнай, так і ў эканамічнай сітуацыі цяпер дастаткова высокі” і далейшы адток кліенцкіх сродкаў з беларускіх банкаў можа прывесці да паніжэння іх рэйтынгаў.

Аналагічны пункт гледжання выказалі і аналітыкі рэйтынгавага агенцтва S&P Global Ratings (Standard & Poor’s), якія ў верасні паставілі на перагляд крэдытныя рэйтынгі „Беларусбанка”, „Белаграпрамбанка” і „Банка БелВЭБ”. „Мы можам панізіць рэйтынгі трох банкаў, калі адток дэпазітаў паскорыцца і калі іх падушка ліквіднасці і падтрымка Нацбанка не будуць дастатковымі для поўнага і своечасовага выканання сваіх абавязацельстваў”, — паведамілі ў Standard & Poor’s.

belapan.by