Заданне: падвоіць вытворчасць рыбы ў Беларусі



Падвоіць вытворчасць рыбы ў Беларусі даручыў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання 14 жніўня стронгавай гаспадаркі „Лохва” ў Магілёўскай вобласці.

У прыватнасці Лукашэнка даручыў актуалізаваць праграму па развіцці рыбагаспадарчай дзейнасці. „Чаго мы марудзім, чаго баімся? Тэхналогіі выдатныя, рынкі ёсць. Трэба актуалізаваць гэтую праграму і ўнесці мне канкрэтныя прапановы — дзе будзем будаваць і што. І як мінімум трэба падвоіць вытворчасць рыбы, не толькі на Магілёўшчыне”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы „дэталёва цікавіўся працай гаспадаркі: выкарыстанымі тэхналогіямі, рэнтабельнасцю, аб’ёмамі вытворчасці, наяўнасцю рынкаў”. У першую чаргу — магчымасцямі далейшага развіцця. „Калі ёсць, трэба рабіць хутчэй”, — сказаў ён.

Падчас наведвання „Лохвы” Лукашэнку праінфармавалі, што ёсць магчымасці для пашырэння вытворчасці. „Рыбная прадукцыя, у прыватнасці стронга, запатрабаваная як на ўнутраным, так і знешніх рынках. У 2019 годзе чаканая вытворчасць рыбы ў краіне складзе 16,6 тыс. т, у той жа час у Беларусь штогод імпартуецца 180 тыс. т з улікам патрэб перапрацоўкі і наступнага экспарту”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле вынікаў азнаямлення са стронгавай гаспадаркай Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць прадумаць перспектыву вытворчасці, у тым ліку на базе дзейных рыбгасаў. „Мне гэтая вытворчасць вельмі падабаецца. Нічога складанага, толькі неабходна выконваць тэхналогію. Трэба рабіць з улікам ужо існага вопыту, каб усюды было эканомна і разумна”, — падкрэсліў афіцыйны лідар.

belapan.by