Заканадаўства аб рэкламе моцна адстае ад тэндэнцый рынку



Заканадаўства Беларусі аб рэкламе моцна адстае ад тэндэнцый рынку. Такое меркаванне выказала БелаПАН дырэктар агенцтва «Белая Карона» Алена Усціновіч, каментуючы прыняцце 2 кастрычніка ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў змяненняў і дапаўненняў у закон аб рэкламе.

«Закон аб рэкламе існаваў вельмі даўно без зменаў. Больш за два гады назад прафесіяналы рынку ініцыявалі ўнясенне шэрагу змяненняў і дапаўненняў у закон для зняцця абмежаванняў, якія перашкаджаюць развіццю рынку, перашкаджаюць эфектыўна працаваць і канкураваць з замежнымі брэндамі. Мы былі накіраваныя на лібералізацыю, і нас пачулі. Так, знятае абмежаванне на выкарыстанне ў рэкламе толькі беларускіх асоб. Але шэраг заўваг пакуль не пачутыя. На жаль, заканадаўства аб рэкламе моцна адстае ад тэндэнцый рынку і змены адбываюцца занадта павольна», – лічыць эксперт.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што беларускі закон аб рэкламе «празрысты і зразумелы і нашмат лепшы, чым у найбліжэйшых краінах». «Усё ж такі павінна прысутнічаць абарона спажыўцоў ад нядобрасумленнай рэкламы. Але ўсё робіцца павольна, часта заканадаўцы і рэгулятары не рэагуюць на змены на рынку. Будзем спадзявацца, што далейшыя крокі будуць толькі ў бок лібералізацыі і будзе ўзяты курс на самарэгуляванне», – падагульніла Усціновіч.

У сваю чаргу выканаўчы дырэктар Асацыяцыі камунікацыйных і маркетынгавых агенцтваў (АКМА) Аляксандр Сазонаў лічыць, што «ў цэлым новы закон прагрэсіўны», шматлікія прапановы АКМА і прафесіяналаў рынку ў ім улічаныя. «Ёсць шэраг паправак, якія мы прапануем разгледзець у другім чытанні і ўнесці ў праект закона. Яны звязаныя з уніфікацыяй дзейнага заканадаўства», – сказаў Сазонаў.

Да прыкладу, у суседніх краінах, паводле яго слоў, дазволеная рэклама на шкле транспарту. «Сёння выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі і матэрыялы, якія не ўплываюць на бяспеку руху. Тым не менш зноў гучаць прапановы ўвесці забарону на абклейванне. Спадзяюся, нас у гэтым пытанні пачуюць і забарону не ўнясуць», – адзначыў выканаўчы дырэктар асацыяцыі.

У АКМА таксама лічаць няправільным увядзенне забароны на аўдыярэкламу ў транспарце. «Калі яна раздражняе пасажыраў, паўстае пытанне забараніць яе цалкам, а не дазваляць толькі сацыяльную рэкламу», – лічыць Сазонаў.

Ён мяркуе, што варта адмяніць абмежаванні рэкламы піва, бо ў сумежных краінах, напрыклад, рэклама безалкагольнага піва ідзе і ў дзённыя гадзіны, таксама яе могуць бачыць карыстальнікі інтэрнэту і спадарожнікавых антэн.

Эксперт заявіў, што зняцце абмежаванняў у вонкавай рэкламе (адмена ўзгадненняў) паводле дэкрэта прэзідэнта аб лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці не прывяло да негатыўных з’яў на рынку, а толькі паспрыяла яго развіццю. «Мы лічым магчымым перанясенне гэтых нормаў на іншыя носьбіты рэкламы – у медыя, тэлебачанні, радыё і гэтак далей», – адзначыў Сазонаў.

Ён заўважыў, што сёння мясцовыя ўлады маюць права рэгулявання размяшчэння рэкламных канструкцый. «Хацелася, каб у заканадаўстве было замацаванае, што гэтыя працэсы павінны адбывацца з удзелам прадстаўнікоў рэкламнага рынку альбо на стадыі распрацоўкі саміх правіл, альбо на стадыі вызначэння пераліку тэрыторый. Не заўсёды ўлічваецца эканамічны складнік, а гаворыцца пра эстэтыку. Рэклама не мае архітэктурнай функцыі і функцыі ўпрыгожання, яна спрыяе прасоўванню продажу. Калі мы звужаем рэкламу, мы павялічваем яе кошт, што ў канчатковым выніку кладзецца на затраты спажыўцоў», – сказаў эксперт.

БелаПАН