Заходнія санкцыі могуць прывесці да скарачэння ВУП на 5—10%



Заходнія санкцыі могуць прывесці да скарачэння ВУП на 5—10%. Такое меркаванне выказаў БелаПАН эканаміст Вячаслаў Ярашэвіч.

„Санкцыі дрэнна адаб’юцца на беларускай эканоміцы, будзе цяжэй прадаваць нашы тавары, скароцяцца і замежныя інвестыцыі”, — лічыць эксперт.

Пры гэтым, паводле яго слоў, пакуль складана прагназаваць рэакцыю беларускіх уладаў, кіраўніцтва прадпрыемстваў, ці ўдасца хутка пераарыентавацца. „Але скарачэнне ВУП можа быць даволі істотным — на 5—10%, калі ўсё будзе сапраўды вельмі дрэнна. Але можа быць аказаная падтрымка з боку Расеі і Кітая, і гэта скарачэнне можна будзе нівеляваць”, — заявіў эканаміст.

На пытанне, ці адновіць эканоміку выкананне патрабаванняў Захаду, Ярашэвіч адзначыў: „Складана сказаць, ці будзе рух насустрач адзін аднаму. Падзеі апошняга года паказалі, што магчымасцяў для ўзаемнага разумення практычна не застаецца”.

„Калі Еўропа спыніць купляць беларускія нафтапрадукты, то пераарыентацыя на азіяцкія рынкі з імі немагчымая, не дазваляе лагістыка. Яны будуць неканкурэнтаздольнымі, гэта значыць тут няма магчымасці замяшчэння. Рынкі новыя ўсё роўна шукаць трэба для іншай прадукцыі, спадзяюся, у гэтым плане мы пяройдзем ад слоў да справы”, — сказаў эксперт.

На яго думку, пакуль у грамадстве не наступіць сапраўдная згода з пункту гледжання палітычнай сітуацыі, нічога добрага ў эканоміцы таксама не будзе. „Палітыка санкцый тупіковая, гэта ў свеце прызнаецца, але яна ўсё роўна выкарыстоўваецца”, — адзначыў Ярашэвіч.

21 чэрвеня Еўрасаюз ухваліў увядзенне санкцый у дачыненні да 78 фізічных і васьмі юрыдычных асоб і на гэтым тыдні павінен разгледзець сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. ЕЗ стаў прытрымлівацца значна больш жорсткай пазіцыі пасля майскага інцыдэнту з самалётам Ryanair.

На думку беларускіх уладаў, санкцыі прывядуць да скарачэння ВУП прыкладна на 3%.

belapan.by