Запасы гатовай прадукцыі ў беларускай прамысловасці зноў пачалі расці



За верасень 2018 года запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый беларускай прамысловасці выраслі на 200,4 млн рублёў і на 1 кастрычніка склалі 4 млрд 199,6 рубля, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў студзені—верасні склалі 58,6% супраць 59,4% за такі ж перыяд 2017 года.

Летась запасы гатовай прадукцыі са студзеня па красавік пастаянна раслі, затым зніжаліся некалькі месяцаў запар, а з кастрычніка па снежань зноў павялічваліся.

За студзень 2018 года запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый прамысловасці павялічыліся на 363,1 млн рублёў і на 1 лютага склалі 4 млрд 213,6 млн рублёў. За люты яны павялічыліся на 137,5 млн рублёў і на 1 сакавіка склалі 4 млрд 351,1 млн рублёў. У сакавіку запасы на складах зменшыліся на 87,9 млн рублёў і на 1 красавіка склалі 4 млрд 276,9 млн рублёў, у красавіку — павялічыліся на 181,6 млн рублёў да 4 млрд 458,5 млн рублёў, у маі — на 132,9 млн рублёў да 4 млрд 325,6 млн рублёў, чэрвені — знізіліся на 107,4 млн рублёў да 4 млрд 218,2 млн рублёў, у ліпені — на 30,2 млн да 4 млрд 188 млн рублёў. За жнівень 2018 года запасы знізіліся на 188,8 млн рублёў і на 1 верасня склалі 4 млрд рублёў.

Па выніках студзеня—верасня найбольшы ўзровень складскіх запасаў быў на прадпрыемствах Менска (84,2% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці). Затым ідуць Менская вобласць (74,4%), Гарадзенская (71,4%), Берасцейская (67,5%) і Магілёўская (65,2%) вобласці.

Найменшы ўзровень складскіх запасаў традыцыйна зафіксаваны ў Віцебскай (38,1%) і Гомельскай (32,1%) абласцях, дзе знаходзяцца нафтаперапрацоўчыя заводы.

Найбольш высокі ўзровень запасаў гатовай прадукцыі ў студзені—верасні назіраўся ў вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра (у 3,2 разу перавысіў сярэднямесячны аб’ём вытворчасці), асноўных фармацэўтычных прадуктаў і фармацэўтычных прэпаратаў (у 2 разы), а таксама вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры (у 1,6 разу).

У горназдабыўной прамысловасці суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці склалі 6,8% (на 1 кастрычніка 2017 года — 7,7%), у апрацоўчай — 67,7% (69%), у тым ліку ў харчовай прамысловасці — 57% (48,8%), дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай галіне, выдавецкай дзейнасці — 82,4% (81%). У металургічнай вытворчасці гэты паказчык на 1 кастрычніка бягучага года склаў 28,7% (40,5%), у вытворчасці электраабсталявання — 56,1% (89,4%), гумовых і іншых неметалічных мінеральных прадуктаў — 73,3% (82,2%), транспартных сродкаў і абсталявання — 90,4% (158,5%).

belapan.by