Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці за год выраслі больш як на 5%



У верасні запасы гатовай прадукцыі на прамысловых прадпрыемствах у грашовым выражэнні знізіліся, сведчаць звесткі Белстата.

Згодна з вынікамі студзеня—лютага 2020 года яны выраслі, у сакавіку — знізіліся, а ў красавіку—маі 2020 года зноў быў адзначаны рост, у чэрвені—жніўні — зніжэнне.

Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў верасні гэтага года склалі 68,5% супраць 63,1% у верасні 2019-га. Такім чынам, за год рост склаў 5,4 працэнтнага пункта.

У грашовым выражэнні за верасень запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў знізіліся на 152,5 млн рублёў і на 1 верасня склалі 5 млрд 57,2 млн рублёў.

Паводле вынікаў верасня найбольшы ўзровень складскіх запасаў на прадпрыемствах Мінска (107,1% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці). Затым ідуць Мінская (98,1%), Гродзенская (67,4%), Брэсцкая (64,9%) і Магілёўская (64,8%) вобласці.

Найменшы ўзровень складскіх запасаў традыцыйна зафіксаваны ў Віцебскай (51,8%) і Гомельскай (28,3%) абласцях, дзе размешчаныя нафтаперапрацоўчыя заводы.

Найбольш высокі ўзровень запасаў гатовай прадукцыі на 1 кастрычніка 2020 года назіраўся ў вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра (у 4,2 разу перавысіў сярэднямесячны аб’ём вытворчасці), вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры (у 2,3 разу), машын і абсталявання (у 2 разы).

У горназдабыўной прамысловасці суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці склалі 15,6% (на 1 кастрычніка 2019 года — 23,9%), у апрацоўчай — 79,4% (72,1%), у тым ліку ў харчовай прамысловасці — 45,8% (49,4%), дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай галіне, выдавецкай дзейнасці — 70,2% (100,2%).

У металургічнай вытворчасці гэты паказчык на 1 кастрычніка 2020 года склаў 39,3% (37,8%), у вытворчасці электраабсталявання — 54,5% (84,6%), гумовых і іншых неметалічных мінеральных прадуктаў — 86,9% (88,6%), транспартных сродкаў і абсталявання — 114,8% (94,6%), хімічных прадуктаў — 52,8% (44,5%), у нафтаперапрацоўцы — 3,2% (5,6%).

belapan.by