Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці зноў растуць



У кастрычніку запасы гатовай прадукцыі на прамысловых прадпрыемствах у грашовым выражэнні выраслі, сведчаць звесткі Белстата.

Паводле вынікаў студзеня—лютага 2020 года запасы выраслі, у сакавіку — знізіліся, а ў красавіку—маі 2020 года зноў быў адзначаны рост, у чэрвені—верасні — зніжэнне.

Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў кастрычніку гэтага года склалі 68,3% супраць 65,3% у кастрычніку 2019-га. Такім чынам, за год рост склаў 3 працэнтныя пункты.

У грашовым выражэнні запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў за кастрычнік выраслі на 89,1 млн рублёў і на 1 лістапада склалі 5 млрд 146,3 млн рублёў.

Паводле вынікаў кастрычніка найбольшы ўзровень складскіх запасаў на прадпрыемствах Менска (104,3% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці). Затым ідуць Менская (98,6%), Гарадзенская (70,4%), Берасцейская (68%) і Магілёўская (64,6%) вобласці.

Найменшы ўзровень складскіх запасаў традыцыйна зафіксаваны ў Віцебскай (49,2%) і Гомельскай (28,2%) абласцях, дзе размешчаныя нафтаперапрацоўчыя заводы.

Найбольш высокі ўзровень запасаў гатовай прадукцыі на 1 лістапада 2020 года назіраўся ў вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра (у 4 разы перавысіў сярэднямесячны аб’ём вытворчасці), вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры (у 2,1 разу), машын і абсталявання (у 1,9 разу).

У горназдабыўной прамысловасці суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці склалі 17% (на 1 лістапада 2019 года — 7,8%), у апрацоўчай — 79,1% (75,1%), у тым ліку ў харчовай прамысловасці — 50,9% (57,3%), дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай галіне, выдавецкай дзейнасці — 67,4% (94,5%).

У металургічнай вытворчасці гэты паказчык на 1 лістапада 2020 года склаў 37,3% (35,5%), у вытворчасці электраабсталявання — 52,8% (82,3%), гумовых і іншых неметалічных мінеральных прадуктаў — 85,5% (86,9%), транспартных сродкаў і абсталявання — 109,1% (110,5%), хімічных прадуктаў — 60,2% (45,9%), у нафтаперапрацоўцы — 3% (3,2%).

belapan.by