Запазычанасць прадпрыемстваў за энергарэсурсы перавысіла 900 млн рублёў



У студзені-лютым 2017 года запазычанасць спажыўцоў за энергарэсурсы працягвала павялічвацца і перавысіла 900 млн рублёў, сведчаць звесткі Міністэрства энергетыкі.

У студзені-лютым спажыўцам адпушчана электрычнай і цеплавой энергіі на 1,59 млрд рублёў, узровень яе аплаты склаў 95,6%. З улікам раней назапашаных даўгоў запазычанасць спажыўцоў за энергарэсурсы на 1 сакавіка склала 938,4 млн рублёў.

На пачатак гэтага года запазычанасць спажыўцоў за энергарэсурсы складала 868 млн рублёў. Такім чынам, за два месяцы даўгі спажыўцоў павялічыліся на 70,1 млн рублёў, або на 8,1%.

„Шэраг арганізацый у студзені—лютым не забяспечылі поўную аплату адпушчанай ім энергіі. Узровень аплаты склаў: па арганізацыях Мінпрама — 93,3%, Мінбудархітэктуры — 83,2%, Мінсельгасхарча — 97,7%”, — паведамляе Міністэрства энергетыкі.

У лютым 2017 года спажыўцам адпушчана электрычнай і цеплавой энергіі на 752,7 млн рублёў, узровень аплаты склаў 97,9%. Згодна са звесткамі Мінэнерга, несвоечасова аплачваюць спажытыя энергарэсурсы як прадпрыемствы рэспубліканскай формы ўласнасці, так і камунальныя арганізацыі.

Варта адзначыць, што тэма несвоечасовай аплаты карпаратыўным сектарам электрычнай і цеплавой энергіі ўзнімалася ў лютым гэтага года на пасяджэнні калегіі Мінэнерга. Міністр Уладзімір Патупчык канстатаваў, што арганізацыям, якія адпускаюць энергарэсурсы, даводзіцца браць крэдыты для разлікаў з „Газпромам” з-за неплацяжоў канчатковых спажыўцоў.

Запазычанасць карпаратыўнага сектара за энергарэсурсы стала расці ў Беларусі хуткімі тэмпамі з 2015 года. За пазамінулы год даўгі прадпрыемстваў за спажытую цеплавую і электрычную энергію павялічыліся ў 3,6 разу, за 2016 год — больш як у 1,7 разу.

Пытанне своечасовай аплаты прадпрыемствамі спажытых энергарэсурсаў неаднаразова разглядалася ў 2016 годзе ва ўрадзе. Улічваючы складанае фінансавае становішча шэрагу прадпрыемстваў, Міністэрства энергетыкі прапаноўвала зафіксаваць запазычанасць неплацельшчыкаў на пэўную дату, а не пералічваць яе з улікам пені.

belapan.by