Зарэгістраваны 20-ты рэзідэнт індустрыяльнага парку „Вялікі камень”



Зарэгістраваны 20-ты рэзідэнт Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Вялікі камень” — ім стала таварыства з абмежаванай адказнасцю „МАЗ-Вейчай”, паведамілі ў адміністрацыі парку.

Дагавор аб умовах дзейнасці ў парку „Вялікі камень” 20 кастрычніка падпісалі кіраўнік адміністрацыі парку Аляксандр Ярашэнка і дырэктар ТАА „МАЗ-Вейчай” Ху Хайхуа.

Рэзідэнт абавязваецца забяспечыць у 2017—2019 гадах рэалізацыю на тэрыторыі парку інвестыцыйнага праекта „Арганізацыя вытворчасці рухавікоў унутранага згарання ў Рэспубліцы Беларусь”.

Як паведамляў БелаПАН, Мінскі аўтазавод і кітайская Weichai Power пачынаюць будаваць у парку „Вялікі камень” завод па выпуску рухавікоў для грузавікоў, спецмашын і аўтобусаў. Уладальнікам завода выступіць сумеснае прадпрыемства ТАА „МАЗ-Вейчай”, створанае Мінскім аўтазаводам і Weichai Power. Годам раней падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве, які прадугледжвае арганізацыю вытворчасці дызельных рухавікоў у Беларусі.

Завод пабудуюць на тэрыторыі 2,5 гектара. Сумеснае прадпрыемства ў якасці рэзідэнта індустрыяльнага парку атрымае прадугледжаныя льготы і прэферэнцыі. Як чакаецца, першая прадукцыя на заводзе з’явіцца ў 2019 годзе. СП плануе забяспечыць патрэбнасці беларускіх вытворцаў у рухавіках і выйсці на рынкі краін СНД і далёкага замежжа.

Першы завод Weichai Power быў заснаваны ў 1946 годзе ў кітайскім горадзе Вейфанг. Цяпер на прадпрыемстве працуе больш за 12 тыс. чалавек, у тым ліку 2,5 тыс. інжынераў. Магутнасць вытворчасці — 900 тыс. рухавікоў у год. Кампанія выступае адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў матораў для грузавых аўтамабіляў.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк пачалі ствараць у 2012 годзе на падставе міжурадавага пагаднення паміж КНР і Беларуссю. Ён уяўляе сабой тэрыторыю плошчай 91,5 кв. км з асаблівым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу і будуецца за 25 км ад Мінска. Прыярытэтныя кірункі развіцця: электроніка, біямедыцына, тонкая хімія, машынабудаванне і новыя матэрыялы. Планаваныя рынкі — краіны СНД і Еўрапейскага саюза.

belapan.by