Завод беленай цэлюлозы пройдзе паўторную экалагічную экспертызу



Ініцыятыўная група па маніторынгу сітуацыі вакол завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску (Гомельская вобласць) атрымала адказ на калектыўны зварот у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

З адказу вынікае, што „смуродныя пахі”, ад якіх пакутуюць жыхары райцэнтра і навакольных вёсак, не прадугледжаныя праектам завода. Праектная дакументацыя, што прайшла дзяржаўную экалагічную экспертызу, прадугледжвала, што ўсе падобныя пахі (метылмеркаптан і іншыя) павінны абясшкоджвацца і не трапляць у атмасфернае паветра. Праектам не былі вызначаныя аб’ёмы выкідаў метылмеркаптанаў, а таксама не планаваўся кантроль гэтых выкідаў.

Пасля пробнага пуску завода ў лістападзе 2017 года вёску Якімава Слабада і горад Светлагорск „накрыла” смуродам. Людзі пакутавалі ад млоснасці, кашлю, скардзіліся на праблемы са здароўем. Кіраўніцтва завода сцвярджала, што нарматывы не парушаныя, газы нізкай канцэнтрацыі не шкодныя для здароўя. Толькі пасля націску грамадскасці кіраўніцтва прызнала, што ў атмасфернае паветра трапляюць метылмеркаптаны.

У сваім адказе Мінпрыроды ўказвае, што праектная дакументацыя, якую адкарэктавалі з улікам выкідаў метылмеркаптанаў, пройдзе новую экалагічную экспертызу. Ступень уздзеяння завода на навакольнае асяроддзе з улікам выкідаў будзе ацэненая паўторна.

Мінпрыроды і Светлагорскі ЦКК закупляюць адпаведнае абсталяванне і распрацоўваюць методыкі вымярэння выкідаў шкодных рэчываў.

„Парушанае права людзей на чыстае паветра, на атрыманне аб’ектыўнай экалагічнай інфармацыі. Нас незаконна труцілі практычна год — з лістапада 2017 года, пробнага пуску завода, і па гэты дзень. Як Светлагорскі ЦКК мог пачаць працу, калі яны не ведалі, што ў іх будуць выкіды метылмеркаптана? Як наогул гэты праект прайшоў экалагічную экспертызу?” — пракаментавала БелаПАН член ініцыятыўнай групы па маніторынгу сітуацыі з заводам беленай цэлюлозы Алёна Маслюкова.

Яна лічыць, што вінаватых павінен вызначыць і пакараць суд. Ініцыятыўная група рыхтуе іск у дачыненні да Светлагорскага ЦКК і канцэрна „Беллеспаперапрам”.

Яшчэ да пачатку будаўніцтва завода былі сабраныя больш за 10 тысяч подпісаў супраць новай вытворчасці. Але будаўніцтва з прыцягненнем звязанага кітайскага крэдыту было распачатае. Запусціць завод планавалася ў 2015 годзе, затым пуск быў перанесены на 2017 год.

Пусканаладачныя работы ў канцы 2017 года суправаджаліся непрыемным пахам з завода, шкоднымі выкідамі і масавымі скаргамі людзей у розныя інстанцыі. У цяперашні час завод яшчэ не выйшаў на праектную магутнасць.

belapan.by