Завод „Вэйчай-МАЗ” па выпуску рухавікоў адкрыюць у лістападзе
Адкрыццё завода МАЗа і кітайскай кампаніі Weichai па выпуску рухавікоў у індустрыяльным парку „Вялікі камень” пад Менскам запланаванае на лістапад 2018 года. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы пасла Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы Кірыла Рудага з віцэ-прэзідэнтам карпарацыі Weichai Сюй Хунам, паведаміла беларускае пасольства.
Суразмоўцы дэталёва абмеркавалі ход ажыццяўлення сумесным прадпрыемствам „Вэйчай-МАЗ” будаўніцтва завода па вытворчасці дызельных рухавікоў на тэрыторыі парка „Вялікі камень”. Пасол высока ацаніў хуткія тэмпы будаўніцтва аб’екта.
Віцэ-прэзідэнт карпарацыі Weichai праінфармаваў аб рашэнні карпарацыі спрыяць Менскаму аўтамабільна-інжынернаму інстытуту ў стварэнні і аснашчэнні вучэбнага цэнтра па падрыхтоўцы спецыялістаў па працы з трансмісіямі і рухавікамі. „Бакі пацвердзілі сваю гатоўнасць адкрыць абодва аб’екты — завод па вытворчасці дызельных рухавікоў і навучальны цэнтр — 13 лістапада 2018 года”, — гаворыцца ў паведамленні пасольства.
Як паведамляў БелаПАН, Менскі аўтазавод і кітайская Weichai Power будуюць у парку „Вялікі камень” завод па выпуску рухавікоў для грузавікоў, спецмашын і аўтобусаў. Уладальнікам завода выступіць сумеснае прадпрыемства ТАА „МАЗ-Вэйчай”, створанае Менскім аўтазаводам (30%) і Weichai Power (70%). СП зойме тэрыторыю ў 3,5 гектара.
Праектная магутнасць завода складзе ад 20 тыс. матораў за год. Першапачаткова прадпрыемства будзе працаваць у адну змену, а калі дасягне гадавога аб’ёму ў 10 тыс. агрэгатаў, пяройдзе на дзвюхзменную працу. Магутнасць агрэгатаў складзе ад 220 к.с. да 460 к.с.
Як чакаецца, першая прадукцыя на заводзе з’явіцца ў 2019 годзе. СП плануе забяспечыць патрэбнасці беларускіх вытворцаў у рухавіках і выйсці на рынкі краін СНД і далёкага замежжа.
Першы завод Weichai Power быў заснаваны ў 1946 годзе ў кітайскім горадзе Вэйфанг. Зараз на прадпрыемстве працуе больш за 12 тыс. чалавек, у тым ліку 2,5 тыс. інжынераў. Магутнасць вытворчасці — 900 тыс. рухавікоў за год. Кампанія выступае адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў матораў для грузавых аўтамабіляў.
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк пачалі ствараць у 2012 годзе на падставе міжурадавага пагаднення паміж КНР і Беларуссю. Ён уяўляе сабой тэрыторыю плошчай 91,5 кв. км з асаблівым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу і будуецца за 25 км ад Менска. Прыярытэтныя напрамкі развіцця: электроніка, біямедыцына, тонкая хімія, машынабудаванне і новыя матэрыялы. Запланаваныя рынкі — краіны СНД і Еўрапейскага саюза.
belapan.by
