Здабываць сланцавы газ у найбліжэйшы час у Беларусі не будуць



Чакаць здабычы сланцавага газу ў Беларусі ў найбліжэйшы час не прыходзіцца, заявіў на прэс-канферэнцыі 1 лютага ў Менску начальнік упраўлення па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Мамчык.

Здабыча сланцавага газу, паводле слоў чыноўніка, уяўляе сабой вельмі цікавы кірунак дзейнасці, але затратны і тэхнічна складаны. Ён звярнуў увагу на тое, што ў ЗША даследаванні па сланцавым газе праводзілі на працягу 100 гадоў, а тэхналогіі яго здабывання з’явіліся толькі цяпер.

Сусветны крызіс, сказаў Мамчык, стаў адной з прычын зніжэння цэн на нафту, што прывяло да прыпынення праектаў па здабычы сланцавага газу ў многіх краінах. Гэта звязана з тым, што новыя тэхналогіі і іх практычнае прымяненне, а таксама даследаванне і распрацоўка новых залежаў сланцавага газу патрабуюць значных выдаткаў.

„У нас работы ў гэтай галіне не тое каб прыпыненыя, але не вядуцца фарсіраванымі тэмпамі, — паведаміў прадстаўнік Мінпрыроды. — Казаць пра тое, што ў нас у найбліжэйшай будучыні будзе здабыча сланцавага газу, пакуль ранавата, але работы ў гэтым кірунку ідуць. Паралельна з намі даследаванні праводзіць „Беларусьнафта” — каб быць гатовымі да здабычы не столькі сланцавага газу, колькі цяжка здабываных залежаў вуглевадароднай сыравіны з прымяненнем новых тэхналогій, у тым ліку шляхам гарызантальнага бурэння і гідраразрываў”.

У той жа час Мамчык падкрэсліў, што дзяржава не пакідае тэму сланцавага газу па-за ўвагай, паколькі гэта патэнцыйны энергетычны запас. „У гэтым кірунку трэба рухацца”, — дадаў чыноўнік.

belapan.by