Значна павялічылася колькасць выяўленых падробленых беларускіх рублёў



У першым квартале гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага значна павялічылася колькасць выяўленых падробленых беларускіх рублёў, паведамляе Нацбанк.

У першым квартале „паказалі значны прырост падробленыя беларускія рублі узору 2009 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў абсалютным выражэнні на 10 штук”, гаворыцца ў аглядзе Нацбанка аб выяўленых падробленых грашовых знаках, які апублікаваны 26 жніўня.

Калі ў студзені—сакавіку 2018 года было выяўлена дзве падробкі беларускіх рублёў, то за першы квартал гэтага года — 12.

„Асноўную долю падробленых беларускіх рублёў узору 2009 года склалі банкноты наміналам 50 рублёў — сем штук, банкноты наміналам 20 рублёў выяўленыя ў колькасці трох штук, банкноты наміналамі 10 і 5 рублёў — па адной штуцы”, — паведамляе Нацбанк.

Пры гэтым рэгулятар удакладняе, што ўсе выяўленыя падробленыя беларускія рублі былі вырабленыя без імітацыі элементаў абароны.

Усяго (з улікам банкнот замежных валют) у першым квартале банкаўскімі работнікамі было выяўлена 209 падробленых грашовых знакаў, з якіх 207 — падробленыя банкноты, 2 — падробленыя манеты. У параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года агульная колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў зменшылася на 3,2%.

„Асноўную колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў традыцыйна склалі долары ЗША — 38,8%. Доля падробленых расійскіх рублёў склала 27,7%, еўра — 24,9%, беларускіх рублёў — 5,7%, іншых валют — 2,9%” , — паведамляе Нацбанк.

У першым квартале 2019 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года знізілася колькасць выяўленых падробленых долараў ЗША на 37,2%.

У той жа час колькасць выяўленых падробленых еўра павялічылася на 85,7% у параўнанні з першым кварталам мінулага года, а колькасць выяўленых падробленых расійскіх рублёў — на 9,4%.

Сярод падробленых банкнот долараў ЗША значна пераважалі банкноты наміналам 100 долараў — 86,4% ад выяўленых падробак. Усю сукупнасць наміналаў банкнот падробленых расійскіх рублёў склалі буйныя наміналы — 5000, 2000 і 1000.

Што тычыцца падробленых еўра, то сярод 52 фальшывых купюр выяўленыя банкноты ўсіх наміналаў, акрамя 10 еўра.

„У параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года размеркаванне падробленых еўра па наміналах істотна змянілася. Сталі выяўляцца банкноты наміналам 500 еўра, якія занялі лідзіруючую пазіцыю — 34,6% ад выяўленых, ссунуўшы на другую пазіцыю банкноты наміналам 50 еўра — 28,8%”, — паведамляе Нацбанк.

БелаПАН