Знешні дзярждоўг Беларусі дасягнуў 13,9 млрд долараў



Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 мая склаў 35,9 млрд рублёў і зменшыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 1,1 млрд рублёў, або на 2,9%, паведамляе Міністэрства фінансаў.

 

Знешні дзяржаўны доўг па стане на 1 мая 2017 года склаў 13,9 млрд долараў ЗША і павялічыўся з пачатку года на 258,5 млн долараў, або на 1,9%.

У студзені—красавіку прыцягнуты знешнія дзяржаўныя пазыкі на 530,3 млн долараў ЗША: 300 млн долараў — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; 160,7 млн долараў — урада і банкаў Расійскай Федэрацыі; 32,2 млн долараў — банкаў КНР; 34,6 млн долараў — МБРР; 2,8 млн долараў — ЕБРР і Паўночнага інвестыцыйнага банка.

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу з пачатку 2017 года склала 337 млн долараў ЗША: 119,6 млн долараў — урад Расійскай Федэрацыі; 98,9 млн долараў — банкі КНР; 88,3 млн долараў — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 29,3 млн долараў — МБРР; 0,7 млн долараў — ЗША; 0,2 млн долараў — ЕБРР і ПІБ.

Паводле дадзеных Мінфіна, унутраны дзярждоўг на 1 мая 2017 года склаў 9,9 млрд рублёў і зменшыўся з пачатку года на 0,3 млрд рублёў, або на 3,3%.

За студзень—красавік 2017 года размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 356,7 млн долараў ЗША. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 399 млн долараў ЗША і 33,3 млн рублёў.

Як паведамляў БелаПАН, Міністэрства фінансаў занепакоена ростам расходаў па абслугоўванні дзяржаўнага доўгу. Паводле дадзеных фінансавага ведамства, за 2010—2016 гады расходы бюджэту (у працэнтах да ВУП) па абслугоўванні дзярждоўгу павялічыліся ў пяць разоў. „Нарошчванне аб’ёму доўгу непазбежна вядзе да росту расходаў па яго абслугоўванні, павялічваючы нагрузку на бюджэт. Доля гэтых плацяжоў у аб’ёме расходаў рэспубліканскага бюджэту ў 2016 годзе склала больш за 10%, у той час як у 2010 годзе — каля 2%”, — адзначалася ў матэрыялах пасяджэння пашыранай калегіі Мінфіна, якое прайшло ў лютым.

У 2016 годзе дзярждоўг Беларусі павялічыўся на 4,1 млрд рублёў, або на 12,5%, і на 1 студзеня 2017 года склаў 37 млрд рублёў.

Пры гэтым знешні дзярждоўг склаў 13,6 млрд долараў ЗША і павялічыўся з пачатку 2016 года на 1 млрд 198,8 млн долпраў, або на 9,6%. Унутраны дзярждоўг склаў 10,2 млрд рублёў, з пачатку года ён павялічыўся на 0,5 млрд рублёў, або на 5%.

 
 
Фота onliner.by