Знешні гандаль таварамі і паслугамі ў студзені—сакавіку знізіўся на 2,5%



Згодна са звесткамі Нацыянальнага банка, у студзені—сакавіку 2019 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам Беларусь знізіла знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг на 2,5% да 18 млрд 888,2 млн даляраў.

Экспарт знізіўся на 1,9% і склаў 9 млрд 660,6 млн даляраў, імпарт — на 3% да 9 млрд 227,6 млн даляраў.

Дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі Беларусі склала 433 млн даляраў ЗША. У студзені—сакавіку 2018 года дадатнае сальда было 337,7 млн даляраў.

Паводле звестак Нацбанка, знешнегандлёвы абарот тавараў у студзені—сакавіку гэтага года скараціўся на 3,1% і склаў 15 млрд 720,1 млн даляраў. Экспарт тавараў знізіўся на 3,2% да 7 млрд 602,1 млн даляраў, імпарт — на 2,9% да 8 млрд 118 млн. Такім чынам, адмоўнае сальда гандлю таварамі склала 515,9 млн даляраў (у студзені—сакавіку 2018 года — мінус 509,9 млн даляраў).

Знешнегандлёвы абарот паслуг за студзень—сакавік 2019 года павялічыўся на 0,6% да 3 млрд 168,1 млн даляраў. Пры гэтым экспарт паслуг вырас на 3% да 2 млрд 58,5 млн даляраў, імпарт знізіўся на 3,6% да 1 млрд 109,6 млн. Дадатнае сальда знешняга гандлю паслугамі за тры месяцы гэтага года склала 948,9 млн даляраў супраць 847,6 млн у студзені—сакавіку 2018-га.

belapan.by