Зніжэнне стаўкі рэфінансавання: матэматычна правільны крок



Экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч ацэньвае чарговы крок Нацбанка па зніжэнні стаўкі рэфінансавання.

З 15 лютага Нацыянальны банк Беларусі прыняў рашэнні аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання з 17 да 16% гадавых. Апошні раз стаўка змянялася 18 студзеня, тады яна была зніжаная з 18 да 17% гадавых. У 2016 годзе Нацбанк зніжаў яе чатыры разы: з 25% у пачатку года да 18% у жніўні.

Станіслаў Багданкевіч: Лічыцца, што інфляцыя ў нас складае менш за 11 адсоткаў, а таму Нацбанк і вырашыў знізіць стаўку рэфінансавання яшчэ на адзін пункт. Можна сказаць, што рашэнне гэта правільнае, калі не ўлічваць, што ў нас вялікія чаканні роста цэнаў не толькі для насельніцтва, але і для малога і сярэдняга бізнеса. Як правіла, гэтыя чаканні і насамрэч матэрыялізуюцца ў рост цэнаў. Таму матэматычнае зніжэнне стаўкі – правільны крок, але што будзе насмрэч – пакажа час.

РР: Хутчэй за ўсё, знізяцца і стаўкі па дэпазітах?

Станіслаў Багданкевіч: Мяркую, што так. Што датычыцца рублёвых укладах, то стаўка яшчэ забяспечвае невялікі інвестыцыйны прыбытак. І гэта, безумоўна, калі верыць, што інфляцыя на самай справе складае 11 адсоткаў, бо ў рэальнасці яна можа быць і вышэйшая.  А вось па валютных дэпазітах, дзе стаўкі дасягнулі 2-3 адсоткаў, прыбытку ўжо практычна няма. Больш за тое – ва ўмовах, калі рубель умацоўваецца, што мы бачым апошнім часам, на валютных укладах можна яшчэ і страціць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя