Золатавалютныя рэзервы Беларусі дасягнулі 7,395 млрд долараў



Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 лістапада 2017 года, згодна з папярэднімі звесткамі, склалі 7,395 млрд долараў, павялічыўшыся за кастрычнік на 128,6 млн долараў, або на 1,8%, пасля росту ў верасні на 273,1 млн долараў (3,9%), паведаміў Нацыянальны банк.

У цэлым за студзень—кастрычнік прырост рэзерваў склаў 2 млрд 468,1 млн долараў ЗША (50%).

Як тлумачыць Нацбанк, павелічэнню міжнародных рэзервовых актываў у кастрычніку спрыяла паступленне замежнай валюты ў бюджэт, уключаючы сродкі чарговага траншу крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця, экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. Станоўчы ўплыў на рост рэзерваў таксама зрабіла паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, і купля замежнай валюты на таргах ААТ „Беларуская валютна-фондавая біржа”.

Урадам і Нацыянальным банкам у кастрычніку выкананыя знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце прыкладна на 700 млн долараў ЗША.

У 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Рэспублікі Беларусь у вызначэнні стандарту МВФ павялічыліся на 751 млн долараў ЗША (на 18%) і склалі 4 млрд 927,2 млн долараў ЗША (у эквіваленце) на 1 студзеня 2017 года. Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год прадугледжаны рост золатавалютных рэзерваў не менш як на 500 млн долараў.

Раней Нацбанк заяўляў, што мінімальны ўзровень рэзерваў, на які варта арыентавацца Беларусі ў будучыні, — 10 млрд долараў. Такі ўзровень задавальняў бы міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы, крэдытораў і дазваляў бы краіне пазычаць сродкі на знешніх рынках капіталу на больш выгадных умовах.

Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур у кастрычніку выказаў журналістам меркаванне, што ў будучыні рэальна давесці золатавалютныя рэзервы краіны да 10 млрд долараў. „Паводле нашых ацэнак, цалкам рэальна папаўняць рэзервы за кошт прыцягнення на ўнутраным рынку замежнай валюты на 1-1,5 млрд долараў у год”, — паведаміў Калаур.

Разам з тым беларускія эканамісты звяртаюць увагу на рызыкі, якія могуць перашкодзіць выкананню задачы па павелічэнні золатавалютных рэзерваў. „Асноўныя крыніцы прытоку замежнай валюты ў краіну схільныя да рознага роду рызык. Не сакрэт, што беларускі экспарт моцна канцэнтраваны і ў асноўным арыентаваны на Расею. Падзенне валютнай выручкі ў 2015—2016 гадах паказала, што можа адбывацца ў Беларусі, калі ў расейскай эканоміцы няўпраўка”, — адзначыла раней у каментары БелаПАН акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Эксперт таксама канстатавала, што дынаміка ЗВР залежыць не толькі ад валютных паступленняў, але і ад расходаў.

belapan.com