Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў кастрычніку выраслі на 164,2 млн даляраў



На 1 лістапада золатавалютныя рэзервы Беларусі склалі 7.485,6 млн даляраў ЗША, паведамляе Нацыянальны банк.

„За кастрычнік 2020 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 164,2 млн даляраў ЗША (на 2,2%) пасля зніжэння ў верасні на 136,4 млн даляраў ЗША (на 1,8%)”, — канстатуе рэгулятар.

Паводле дадзеных Нацбанка, павелічэнню ўзроўню рэзерваў у кастрычніку спрыяла прыцягненне ўрадам знешняй пазыкі, а таксама купля цэнтральным банкам замежнай валюты на ўнутраным рынку.

Пры гэтым рэзервы выкарыстоўваліся для выканання знешніх і ўнутраных абавязацельстваў.

„У кастрычніку 2020 года ўрадам выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 222 млн даляраў ЗША”, — паведамляе Нацбанк.

Рэгулятар нагадвае, што згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год, аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2021 года павінен скласці не менш за 7,3 млрд даляраў ЗША.

На 1 студзеня золатавалютныя рэзервы Беларусі складалі 9 млрд 393,5 млн даляраў. Сёлета рэзервы двойчы істотна зніжаліся: у сакавіку — на 1.018,4 млн даляраў, у жніўні — на 1.399,8.

Зніжэнне рэзерваў было абумоўленае ростам дэвальвацыйных чаканняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні — палітычным крызісам. Істотнае павелічэнне рэзерваў назіралася толькі ў чэрвені — дзякуючы продажу еўрабондаў рэзервы Беларусі за першы летні месяц павялічыліся на 916,3 млн даляраў.

Акрамя таго, у кастрычніку беларускія ўлады прыцягнулі крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 500 млн даляраў (які быў часткова выкарыстаны для пагашэння завінавачанасці Беларусі за расейскі газ), што таксама дало магчымасць некалькі павялічыць золатавалютныя рэзервы.

Для недапушчэння скарачэння рэзерваў і зніжэння націску на валютны рынак ва ўмовах палітычнага крызісу Нацбанк абмежаваў у трэцяй дэкадзе жніўня выдзяленне рублёвай ліквіднасці камерцыйным банкам, што прывяло да скарачэння аб’ёмаў рублёвага крэдытавання насельніцтва. Абмежаванні па даванні рублёвай ліквіднасці камерцыйным банкам Нацбанк працягнуў да 19 студзеня.

belapan.by