ЗША да 9-ці беларускіх прадпрыемстваў падоўжылі прыпыненне санкцый
Злучаныя Штаты Амерыкі працягнулі рэжым прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў на паўгода. Паведамленне пра гэта распаўсюдзіла 24 кастрычніка Міністэрства фінансаў ЗША.
„Міністэрства фінансаў ЗША з улікам кансультацый і ў каардынацыі з Дзяржаўным дэпартаментам ЗША працягвае дазвол на здзяйсненне здзелак з беларускімі прадпрыемствамі, што трапляюць пад санкцыі згодна з указам прэзідэнта ЗША № 13405. Гэты дазвол не вызваляе заблакаваную уласнасць названых прадпрыемстваў”, — гаворыцца ў рэлізе Мінфіна. Рашэнне дзейнічае да 30 красавіка 2018 года.
Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з таго часу перыядычна атрымлівалі працяг. У санкцыйны спіс уваходзяць Беларускі нафтавы гандлёвы дом, канцэрн „Белнафтахім”, Belneftekhim USA Inc., ААТ „Белшына”, ААТ „Гродна Азот”, ААТ „Гродна Хімвалакно”, ААТ „Лакафарба”, ААТ „Нафтан” і ААТ „Полацк-Шкловалакно”.
29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 года), дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым калі сума здзелкі перавышае 10 тыс. долараў, грамадзяне ЗША абавязаныя інфармаваць пра гэта ўпраўленне кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента. Гэтае рашэнне атрымлівала працяг кожныя паўгода.
belapan.by
