1 чэрвеня – Міжнародны дзень абароны дзяцей



У Бярозе адбылося свята для дзяцей, арганізаванае супрацоўнікамі Палаца культуры, які размешчаны ў цэнтральным гарадскім парку.

Дзеці розных узростаў з бацькамі, бабулямі і дзядулямі не толькі былі гледачамі прадстаўлення, але і ўдзельнікамі. Свята спадабалася, кажа сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), экс-кандыдат на выбарах у раённы і абласны саветы Таццяна Тарасевіч:

– Арганізавана для дзяцей прадстаўленне. Я лічу, што вельмі добра арганізавалі, увесь час штосьці праводзяць. Мы – бабулі, дзядулі і дзеці адпачываем.

Акрамя задавальнення ад свята, было выказана немала розных нараканняў. Большасць з іх тычылася адсутнасці абсталявання для дзіцячага актыўнага адпачынку ў гарадскім парку, гавораць удзельнікі свята:

– Трэба батуты ў дзень абароны дзяцей зрабіць для іх дармовымі.

– Я абышла парк, арэлі ёсць. Я не ўбачыла спартыўных трэнажораў для дзяцей.

– Ну а што тут ёсць – лаўкі і арэлі.

Паводле маладых маці, дзецям трэба даваць усё самае лепшае, для іх духоўнага, інтэлектуальнага і фізічнага росту. І гэта найперш задача дзяржавы, якая па-сапраўднаму клапоціцца пра сваю будучыню.

Беларускае Радыё Рацыя